РФ узмоцніць наступальныя аперацыі на Данбасе, лічаць у ISW — 264-я раніца вайны
У мінулыя суткі УСУ адбівалі атакі расіян у Луганскай і Данецкай абласцях / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Узброеныя Сілы Украіны аднавілі кантроль над вёскай Макееўка ў Луганскай вобласці, паведамілі напярэдадні ў Telegram-канале Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі. Макееўка знаходзіцца ў менш чым у 40 кіламетрах ад Украіны. Вайскоўцы таксама апублікавалі відэа, дзе паказваюць усходнія ўскраіны вёскі. Генштаб УСУ ўчора паведамляў, што расіяне абстрэльвалі Макееўка з мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі.
У ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба гаворыцца пра адбітыя напады расіян у Луганскай і Данецкай абласцях. Праціўнік "вядзе наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках". У гэтыя раёны расіяне больш актыўна накіроўваюць мабілізаваных — "каб кампенсаваць страты асабовага складу і нарошчваць падраздзяленні", адзначаюць украінскія вайскоўцы.
Расіяне ў бліжэйшыя тыдні, верагодна, ўзмоцняць наступальныя аперацыі ў Данецкай вобласці. Для гэтага і перакідваюць сюды мабілізаваных, а таксама сілы, выведзеныя з правага берага Херсонскай вобласці. Так лічаць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Але "рускія, верагодна, не даб'юцца значных поспехаў у аператыўным плане", лічаць у Інстытуце. З вялізнымі выдаткамі яны нават могуць узяць Бахмут, але "расійскія мабілізаваныя вайскоўцы паказалі сябе недастаткова падрыхтаванымі, дрэнна абсталяванымі і вельмі неахвотна ваюючымі". На гэтым участку фронту з расійскага боку ў баях удзельнічаюць таксама ПВК Вагнера, атрады Кадырава, добраахвотнікі Данбаса і ўласна УС РФ.
"Гэта мудрагелістае навала баявых сіл будзе мець значна менш эфектыўную баявую моц, чым групоўка рэгулярных падраздзяленняў аналагічнага памеру. Вельмі малаверагодна, што Суравікін зможа ператварыць яе ў сілу, здольную весці буйнамаштабную наступальную механізаваную манеўраную вайну, асабліва з улікам таго, што ён нават не марнуе (ці яму не даюць) час на стварэнне ўзгодненай ўдарнай групоўкі, перш чым кінуць яе ў атаку", — тлумачаць свой пункт гледжання амерыканскія эксперты.
У Інстытуце таксама мяркуюць, што Пуцін дазволіў камандуючаму аб'яднанай групоўкай расійскіх войск у вайне ва Украіне генералу Сяргею Суравікіну сысці з заходняга Херсона пры ўмове, што ён зойме астатнюю частку Данецкай вобласці.
Ноччу расіяне зноў абстралялі некалькі грамад ў Нікопольскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. "Накіравалі туды больш за 60 снарадаў з "Градаў" і цяжкай артылерыі", кажа кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Папярэдне, людзі не пацярпелі. У Марганцы пашкоджаная лінія электраперадач, якая забяспечвала працу помпавай станцыі. У выніку 45 000 сем'яў у самым Марганцы і ваколіцах засталіся без вады.
Напярэдадні ўвечары расіяне нанеслі ракетны ўдар па Харкаву. Мэтай быў прамысловы аб'ект у аб'ект у Індустрыяльным раёне горада, паведаміў мэр Ігар Церахаў. Інфармацыі аб разбурэннях і пацярпелых няма.
Па прыгранічнай Сумскай вобласці ўчора было выпушчана некалькі сотняў мін, ракет і снарадаў. У выніку абстрэлаў ёсць разбурэнні. Пра гэта распавёў старшыня Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. У Хоцінскай грамадзе, да прыкладу, у выніку абстрэлаў пашкоджанні дом мясцовых жыхароў, тры трактары і лініі электраперадач. Але без ахвяр.
Канцлер Германіі Олаф Шольц прызнаўся, што шкадуе аб рашэнні прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна не ўдзельнічаць у саміце G20 на Балі.
"Было б добра, калі б прэзідэнт Пуцін паехаў на саміт G20", — цытуе Шольца выданне Handelsblatt. Нямецкі канцлер выказаў здагадку, што Пуцін вырашыў не ехаць на саміт з-за рызык "сутыкнуцца з усімі пытаннямі і ўсёй крытыкай, якая была сфармуляваная многімі краінамі свету". Верагоднасць, што Пуцін зменіць сваё рашэнне і прыедзе, па думку нямецкага канцлера, невялікая. Але ён сказаў, што быў бы шчаслівы, калі гэта адбудзецца. Пры гэтым зноў заклікаў Пуціна вывесці войскі з Украіны і ўнесці прапановы, "якія будуць спрыяць мірабудаўніцтву".
"Гэта ні ў якім разе не перамовы, у якіх Расія апісвае прадыктаваны мір. Хутчэй, гэта тое, што павінна тычыцца цэласнасці і суверэнітэту Украіны", — падкрэсліў Олаф Шольц.
Аб сустрэчы лідэраў краін "Вялікай дваццаткі", які адбудзецца 15-16 лістапада на Балі, казаў у сваім вячэрнім звароце і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён мае намер выступіць там па відэасувязі. "Мы дамо адказы на многія пытанні, якія гучаць цяпер. Каб іх чулі ўсе нашы людзі, усе нашы партнёры, кожны і кожная, хто нас падтрымлівае", — сказаў ён.