Злотнікаў: Крызіс мінулага года можа паўтарыцца і сёлета

У сакавіку беларускі рубель умацаваўся ў дачыненні да долара на 0,5%. Адначасова колькасць наяўных грошай у краіне дасягнула гістарычнага максімуму, склаўшы амаль 115 трыльёнаў. А сапраўдныя дадзеныя аб прапанове і попыце на долары вядомыя толькі Нацбанку, што спрыяе з’яўленню чутак аб інтэрвенцыях з яго боку.

“Будзе вельмі моцны ціск на прэзідэнта, на кіраўніцтва краіны з мэтай даць больш танныя крэдыты. І ў гэтым выпадку Нацыянальны банк не зможа выстаяць перад просьбай прэзідэнта зрабіць іх больш таннымі. І калі так адбудзецца, то можа паўтарыцца сітуацыя лета мінулага года”, – прагназуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

120327 Pilecki Kurs.mp3

На яго думку, умацаванне рубля выкліканае выплатай падаткаў буйнымі прадпрыемствамі. Пасля гэтага ў іх могуць узнікнуць праблемы з выплатай заробкаў супрацоўнікам. Кампаніі звернуцца ў банкі па крэдыты, уключыцца друкавальны станок, уздымуцца працэнтныя стаўкі. Гэтаксама, як ужо было год таму.

“Найбольш верагодна, што ўсё ж адбудзецца зрыў. Магчыма, не такі вялікі, як у мінулым годзе. Проста, патрэбныя валютныя рэсурсы, каб вырашаць праблемы. А іх паступленне сёлета будзе нашмат ніжэйшым, чым у мінулыя гады”.

На думку Злотнікава, пазбегнуць праблем можна з дапамогай прыватызацыі. Дакладней, не пазбегнуць, а адцягнуць іх.

“Давайце ўявім, што прададуць за нейкія добрыя грошы “Белкалій”. Гэтага хопіць, каб пратрымацца да канца года, можа, нават да сярэдзіны наступнага. Гэта калі раптам аднекуль падкінуць яшчэ 5-8 мільярдаў”.

Не ўсе глядзяць на сітуацыю так песімістычна. Леанід Заіка мяркуе, што ўсё можна выправіць праз дэнамінацыю і жорсткую эканамічную палітыку. Гэта значыць, без высокіх працэнтных ставак і іншых “бонусаў”.

“Пазітыўны сцэнарый – правядзенне дэнамінацыі, закрэсліваюцца чатыры нулі. Беларускі рубель становіцца падобным да еўра. Рэалізуецца жорсткая манетарная палітыка, падтрымліваецца станоўчае сальда. У насельніцтва ўзнікне тэндэнцыя ашчаджаць каля 20% прыбыткаў. Вось такі сцэнарый быў бы лепшым, на самой справе”.

Сяргей Чалы лічыць, што высокія працэнтныя стаўкі з’яўляюцца платай за эканамічную палітыку гадавой даўніны.

“З улікам таго, што ў нас людзі апёкшыся на малацэ, дуюць на ваду, любы дробны рух у супрацьлеглы бок можа выклікаць калі не паніку, то адток рублёвых дэпазітаў і канвертацыю іх у цвёрдую валюту”.

Чалы таксама кажа, што зараз Нацбанк набывае амаль усю валюту на рынку, не дазваляючы рублю яшчэ больш умацоўвацца. Моцная нацыянальная валюта толькі перашкодзіць прадаваць сваю прадукцыю на экспарт.

На якія яшчэ захады пойдзе беларускі урад, убачым неўзабаве. Леанід Злотнікаў мяркуе, што ужо летам нас чакаюць перамены.

“Давайце ўявім, што прададуць за нейкія добрыя грошы “Белкалій”. Гэтага хопіць, каб пратрымацца да канца года, можа, нават да сярэдзіны наступнага. Гэта калі раптам аднекуль падкінуць яшчэ 5-8 мільярдаў”.