Жыхары Маладэчна цікавяцца ва ўладаў лёсам дэмантаванага помніка
Валун, аздоблены крыжам Еўфрасінні Полацкай, быў звезены ўчора вечарам у невядомым кірунку.
Праваабаронца з Маладэчна Алесь Капуцкі накіраваў зварот да старшыні мясцовага райвыканкама з пытаннем пра далейшы лёс помніка “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі". Учора вечарам помнік, усталяваны ў часы, калі мэрам горада быў Генадзь Карпенка, быў дэмантаваны і звезены ў невядомым кірунку.
У наўпроставым эфіры Еўрарадыё Капуцкі паведаміў, што спадзяецца на хуткі адказ. Ён таксама адзначыў, што мясцовыя жыхары абурацца дэмантажом помніка, але пакуль пратэстаў не будзе.
Капуцкі: "Людзі будуць абурацца, але да нейкіх пратэстаў не дойдзе. Цяпер у Беларусі такая сітуацыя, што людзей хвалюць больш важныя пытанні, як пытанне выжывання і апошнія падзеі, пра якія ўсе мы ведаем...".
Алесь Капуцкі дадаў, што ўжо зараз будзе высвятляць, дзе помнік знаходзіцца.
Нагадаем, Маладэчна рыхтуецца да "Дажынак" і ўлады вырашылі перанесці з цэнтра горада ў іншае месца помнік, да якога традыцыйна ўскладалі кветкі маладажоны, дзе збіраліся ў нацыянальныя святы беларускія патрыёты.