Журналісты аспрэчваюць свой "невыязны" статус у Еўрапейскім судзе
Вадзім Гігін і Аляксей Міхальчанка падалі пазоў у Еўрапейскі суд у Страсбургу з нагоды іх уключэння ў спісы асоб, якім забаронены ўезд у краіны ЕС.
Пра гэта паведаміў у нядзелю ўвечары першы канал беларускага тэлебачання.
"Я і мае калегі звярнуліся ў міжнародны суд, бо ніякай віны не адчуваем", - сказаў галоўны рэдактар афіцыйнага часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін.
Адзначым, што Аляксей Міхальчанка — журналіст тэлеканала АНТ.
Таксама ў эфіры беларускага тэлебачання было заяўлена, што беларускія журналісты, пазбаўленыя права ўезду ў ЕС, звярталіся па дадзеным пытанні ў АБСЕ. Яны атрымалі адказ, што пытанні перасоўвання беларускіх журналістаў "не ўваходзяць у кампетэнцыю арганізацыі", паведамляе РИА Новости.
Нагадаем, ЕС увёў візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў і журналістаў з Беларусі ў адказ на парушэнні падчас выбараў і масавыя затрыманні апазіцыянераў у час акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня.