Згоду на Бангалор міліцыя “аплаціла” бел-чырвона-белымі сцягамі?

Нават падрыхтоўка да акцыі з нагоды 25-й гадавіны аварыі на ЧАЭС не абыйшлася без канфузу. У чацвер, 21 красавіка, арганізатары “Чарнобыльскага шляха” вырашылі правесці ў гатэлі “Арбіта” прэс-канферэнцыю. Там яны збіраліся патлумачыць сваю згоду з рашэннем Мінгарвыканкама абмежавацца 26 красавіка мітынгам ў парку ля плошчы Бангалор.

Але нават гэта ў іх не атрымалася зрабіць так, як планавалася: за паўгадзіны да мерапрыемства ў бізнэс-цэнтры гатэля адбылося “задымленне шахты”, і канферэнц-залу занялі выратавальнікі з МНС.



Таму з журналістамі арганізатары акцыі размаўлялі на прыступках гатэля.

Што тычыцца самой акцыі і згоды арганізатараў правесці яе там, дзе вызначыў Мінгарвыканкам, дык, паводле Юрыя Хадыкі, гэты крок вымушаны.

Юрый Хадыка: “Мы вымушаныя былі пагадзіцца з гэтым, мяркуючы, што наша галоўная мэта — сабраць як мага больш людзей. Выключна ў спакойных абставінах, без сутыкненняў з міліцыяй, без парушэння дамоўленасцяў. Для таго, каб на практыцы рэалізаваць славуты заклік Папы Яна Паўла ІІ: “Не бойцеся!”

І сам факт удзелу ў мітынгу, лічыць Хадыка, прадэманструе, што ніякія рэпрэсіі не могуць зламаць імкненне беларускага народа да волі, дэмакратыі і справядлівасці. Другі заяўнік акцыі — Дзяніс Садоўскі — суцяшаў тым, што будуць яшчэ іншыя акцыі, апроч гэтай жалобнай, падчас якіх можна будзе паказаць свае моц і смеласць. Але Генадзь Фядыніч мімаходзь не выключыў таго, што адным мітынгам на плошчы Бангалор справа можа не скончыцца.

Генадзь Фядыніч: “Ёсць людзі, якія кажуць: “Чаго на Бангалор, на гэты выгул сабак? Не трэба слухаць уладу — мы пойдзем туды, куды пойдзем.” Я скажу шчыра: калі мы збярэм столькі, што не змесціць Бангалор, то мы знойдзем іншую плошчу”.




Згодна са словамі Юрыя Хадыкі, абмежавацца мітынгам на адным месцы пагадзіліся ўсе палітычныя сілы, што спрычыніліся да “Чарнобыльскага шляха”. У адказ, кажа прафесар, міліцыя нібыта дазволіла не толькі прыходзіць на Бангалор з бел-чырвона-белымі сцягамі, але і казаць падчас мітынгу ўсё, што заўгодна.

Юрый Хадыка: “Падчас дамоў с міліцыяй аб умовах правядзення мы атрымалі дазвол на выкарыстанне сімволікі, любых лозунгаў, заклікаў і поўную бяспеку гукаўзмацняльнай апаратуры. Гэта вельмі важна, бо мы хочам правесці нармальны мітынг, дзе людзі маглі б абмяняцца думкамі па такіх актуальных праблемах, як наступствы Чарнобыля, як небяспека будаўніцтва новай электрастанцыі, як палітычныя рэпрэсіі, якія ў нас разгарнуліся і не спыняюцца з канца мінулага года. Гэта настолькі актуальныя праблемы, што мы лічым, што некаторыя саступкі падчас перамоў цалкам апраўданыя. Калі людзі прыйдуць...”




Вось толькі, як высветлілася, усе гэтыя абяцанні міліцэйскіх начальнікаў нідзе не зафіксаваныя. Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, прафесар Хадыка прызнаўся, што ўсе гэтыя “дазволы” на паперу не трапілі і нічыімі подпісамі не замацаваныя.

Юрый Хадыка: “Гэта вусна было сказана. Прынамсі, пры двух сведках. І пры наяўнасці намесніка міністра ўнутраных спраў, відаць — па ідэалогіі. Бо ён быў самы злосны з прысутных на сустрэчы высокапастаўленых міліцыянераў”.

Мітынг, прысвечаны 25-м угодкам Чарнобыльскай трагедыі, пройдзе 26 красавіка а 18-й гадзіне на канцэртнай пляцоўцы парка Дружбы народаў. Апроч таго, арганізатары запланавалі на 25 красавіка сустрэчы з ліквідатарамі ў Мазыры і Калінкавічах. А 28 красавіка ва Управе Партыі БНФ пакажуць фільм “Верыць ветру”, прысвечаны тэме Чарнобыля.

Фота: Змітра Лукашука