“Здаем літоўскія, расійскія манеты і... 2 еўра!”

 

Пяць дзён таму ў беларускіх абменніках з’явілася валюта. Еўрарадыё прагулялася па сталічных пунктах абмену валют, каб даведацца, ці набываюць людзі валюту і ці шмат здаюць.

У абменніку, што ва ўніверсаме "Цэнтральны", мяняе грошы дзяўчына з Масквы. Кацярына прыехала ў госці да сяброў. Пытаюся, ці шмат мяняе.

“Я госць у гэтай краіне, здавала расійскія рублі — 900 рублёў”.

 

У ГУМе сустракаю хлопца, які толькі што памяняў грошы. Як высвятляецца, таксама з Масквы, здаў тысячу рублёў.

Аддзяленне "Беларусбанка" па вуліцы Леніна прымае ў абменніку дробныя манеты.

“Здаем, літоўскія, расійскія і еўра. Здаем, бо назбіралася, а тут яны нікому непатрэбныя. 30 літаў, 150 расійскіх, 2 еўра. Падарожнічалі проста, а зараз спатрэбілася, давялося здаваць”, — гаворыць Надзея, якую напаткаў у аддзяленні банка.

Дзяўчына прыгадвае, што раней даводзілася шукаць знаёмых, каб здаць грошы.

“Калі праблемы былі з валютай, здавалі, канешне. Заробак у валюце, таму даводзілася здаваць, але не ў абменнік”.

 

У пункт абмену валют "Беларусбанка", што ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, заходзіць мужчына сярэдняга веку. Глядзіць курс, які сёння ў "Беларусбанка" 7400 за долар, потым адразу выходзіць. Пытаюся, чаму ж не стаў мяняць грошы.

“Я ўчора за 8 мяняў. Я думаю, і зараз дзесьці ёсць долар па 8. Проста ў мяне цяпер няма неабходнасці, была б — тады б памяняў”, — кажа Мікалай, які прыехаў у Беларусь з Санкт-Пецярбурга.

Мужчына прыязджаў у нашую краіну месяц таму, тады прыходзілася здаваць грошы не ў абменнік, а знаёмым.

На чыгуначным вакзале каля абменнікаў людна: па прыходзе цягнікоў ўтвараецца чарга ў 6-7 чалавек.

“Я здаваў еўра. Калі нармальны курс, тады можна і здаць, а раней даводзілася здаваць валютчыкам. У мяне проста фірма за мяжой”, — гаворыць хлопец, які выходзіць з пункту абмену валют "Трастбанка", на трэцім паверсе вакзала. Дадае, што атрымоўвае заробак у валюце і раней здаваў амаль па тым курсе, які цяпер у банку.

За ім хлопец здае 100 долараў. Яму ўпершыню заплацілі заробак у доларах. Калі ў абменніках валюты не было, ён замежныя грошы не здаваў і не набываў.

У аддзяленні "Беларусбанка" па вуліцы Карла Маркса людзей ля абменніка няшмат — тры чалавекі. Першым стаіць малады хлопец, хоча здаць 100 долараў. Ён прытрымаў іх да часу, пакуль усталюецца нармальны курс.

“Па 5 тысяч мяняць, як раней было, — гэта ж смешна”.

Што тычыцца сённяшняга курсу, то хлопец мяркуе, што ён нават крыху завышаны.

У суседняй касе дзядуля кладзе грошы на ашчадны ўклад. Пераводзіць з пенсіі жонкі.

Мы даўно не здымалі пенсію ў жонкі. Там назбіралася пэўная сума. Мы часткова пераводзім гэтыя грошы на ашчадны ўклад у беларускіх грошах”.

 

Што гэтыя грошы абясцэняцца, Антон Іванавіч не перажывае: маўляў, сума там нязначная. З дваццаці апытаных карэспандэнтам людзей ніхто не набываў грошы ў абменніку, усе здавалі. Шасцёра з іх расіяне, якія прыехалі ў Беларусь у госці.

Фота: bobruisk.ru