“Зараз ледаколы трэба набываць, а не лодкі!”

120109 Svjardlou Olimpiada.mp3

У бюджэце на 2011 год на падрыхтоўку спартоўцаў да Алімпіяды ў Лондане закладзена 75 мільярдаў рублёў. Калі прэзідэнт падпісваў леташні бюджэт, гэта было 25 мільёнаў долараў.

Выдаткі на падрыхтоўку спартоўцаў на алімпійскі 2012 год… тыя ж 75 мільярдаў рублёў! Тыя — ды не тыя: сёлета гэта толькі 9 мільёнаў долараў.

Здавалася б, чым бліжэй да Алімпіяды — тым больш выдаткі на яе. Хаця б таму, што да гульняў рыхтуецца ўсё больш і больш спартоўцаў. Паўгода таму алімпійскія ліцэнзіі былі ў 55 спартоўцаў — сёння іх ужо 103. Але міністр спорту і турызму Алег Качан лічыць іначай.

Алег Качан: “У 2011 годзе было шмат што закуплена. Экіпіроўка была закупленая таксама. Напрыклад, тое ж веславанне на байдарках, акадэмічнае веславанне. Лодкі былі закупленыя ў мінулым годзе. Так, нешта нам і сёлета давядзецца дакупіць… Але вы ж ведаеце, у сістэме падрыхтоўкі кожнага спартоўца інвентар цягне самую вялікую долю”.

У сярэдзіне 2011 года беларускія весляры скардзяцца на адсутнасць лодак. Сёння ж старшыня Беларускай федэрацыі веславання Аляксандр Грыгараў пацвярджае: лодкі ёсць. Але на двары зіма!

Аляксандр Грыгараў: “Лодкі купленыя. 21 лодка, іх мусілі набыць пры пачатку [2011] года, і сапраўды набылі. Што праўда, лодкі трэба набываць пры пачатку года, а не пры канцы. Зараз ледаколы трэба набываць, а не лодкі!”

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі Ігар Заічкоў упэўнівае Еўрарадыё, што ў 2011 годзе дэвальвацыя не сарвала ніводных спартовых збораў. Не адбіўся крызіс на нашых лонданскіх планах: па-ранейшаму разлічвае на 25 медалёў, 5 з якіх — залатыя.

“Ёсць у нас дамоўленасць з Мінфінам. У дадатак, колькі нам будзе трэба, мы можам перакінуць. Ну, не тое, як з рога ўсяго многа, але неабходную колькасцю сродкаў. Вы не засмучайцеся, мы ведаем, што робім!” — працягвае Алег Качан.

Усяго ж на падрыхтоўку спартоўцаў да лонданскай Алімпіяды за 3 гады выдаткавана больш за 215 мільярдаў рублёў. Да таго, толькі летась больш за 1 мільярд уклаў у алімпійцаў НАК.

Выдаткі на знаходжанне беларусаў у Лондане цалкам бяруць на сябе арганізатары Алімпіяды.

“Поўны пансіён усіх людзей, якія жывуць у Алімпійскай вёсцы, — гэта выдаткі Міжнароднага алімпійскага камітэта. Больш за тое: МАК вылучае субсідыю на пералёт з роднай краіны спартоўцаў у краіну, дзе адбываюцца гульні”, — распавядае генеральны сакратар беларускага НАК Георгій Катулін.

Хаця і шчодрасць арганізатараў Алімпіяды мае межы. Напрыклад, для асабістых трэнераў беларускіх гімнастак МАК пагадзіўся вылучыць дадатковыя месцы ў гатэлях. Але аплачваць іх знаходжанне на Алімпійскіх гульнях Беларусь будзе са сваёй кішэні.

Чакаецца, што ў лонданскай Алімпіядзе возьмуць удзел каля 11 тысяч спартоўцаў. Апошнія з іх — у тым ліку і беларусы — вызначацца 8 ліпеня, за тры тыдні да гульняў.