Залескі: Мой прынцып — не збіраць, не эканоміць, а зарабляць

Еўрарадыё: У інтэрнэце з'явіліся звесткі, быццам ідэолагі на некаторых мінскіх прадпрыемствах кажуць працаўнікам, што амерыканцы друкуюць новыя грошы і рыхтуюць замену долараў. Прычым замяніць старыя долары на новыя адзін да аднаго можна будзе толькі ў выпадку, калі яны ляжаць на банкаўскіх рахунках. Наяўныя даляры, маўляў, мяняцца не будуць. Наколькі гэта верагодна і ці рабіла б ЗША такую неспадзяванку людзям? 

Залескі: “Адказаць можна адно ідэолагаў слухай, але свой розум май. Бо ЗША, калі выпускаюць нейкія новыя банкноты, то гэтыя банкноты ходзяць разам са старымі, пакуль у гэтым ёсць патрэба карыстальнікаў. Бо Злучаныя Штаты арыентуюцца на тое, каб эмітэнт атрымліваў з боку тых, хто карыстаецца эмітаванымі ім паперамі, высокі давер. А наш Нацыянальны банк нават золата не прадае за тыя грошы, якія сам эмітуе”.


Еўрарадыё: Што рабіць людзям, каб уратаваць свае грошы ад дэвальвацыі?

Залескі: “Не складваць вялікія кучы грошай. Бо як амерыканцы казалі з кішэні ды ў рот. У іх таксама былі не заўсёды лепшыя часы і ў такія горшыя часы рэкамендацыя была выкарыстоўваць, тое што зарабіў, адразу”.


Еўрарадыё: Такая “інфармацыя пра долары” накіраваная на тое, каб калі людзі іх падаставалі з панчохаў і панеслі ў банк. Што параіце — несці ў банк ці пакінуць у панчохах?

Залескі: “Кожны чалавек ажыццяўляе сваю стратэгію. Заклікаць да таго, каб несці ў той ці іншы банк нельга, бо гэта будзе рэклама банкаў. Няхай чалавек, калі ён захацеў несці ў банк, абярэ самы лепшы, падумае. У першую чаргу раю думаць. Я не лічу, што чалавек надта выйграе, змяніўшы спосаб захавання ў сучасных умовах”.


Еўрарадыё: Або, як казаў Леанід Заіка, варта трымаць грошы у 4 валютах?

Залескі: “Можна хоць у 44 трымаць, абы яны былі. Мой прынцып такі не больш ашчаджаць, а больш зарабляць. Не спажыванне скарачаць, а заробкі павялічваць. Я заклікаю кожнага думаць над новым спосабам зарабіць грошы, калі кожны будзе так думаць і так рабіць, то наша агульнае багацце павялічыцца”.