Заіка: З другой ніткі газаправоду “Ямал-Еўропа” Беларусі прыбытку не будзе
“Белтрансгаз” з’яўляецца расійскай уласнасцю і можа рэалізаваць якія заўгодна праекты ў яго межах.
Таму ніякіх выплат за транзіт па новай трубе, што праляжа па беларускай зямлі, расіяне рабіць не збіраюцца. Так пракаментаваў эканаміст Леанід Заіка даручэнне “прапрацаваць пытанне будаўніцтва другой ніткі газаправоду “Ямал-Еўропа”, якое даў Уладзімір Пуцін “Газпраму”.
Леанід Заіка: “Існуючая труба, існуючы трансфер знаходзіцца ва ўласнасці “Газпрама”. Усё! Таму яны самі ўсе пытанні і вырашаюць. І Беларусь з гэтага нічога не будзе мець. Яна будзе мець толькі нейкія падаткі з “Белтрансгаза”, якія той будзе выплачваць па выніках сваёй гаспадарчай дзейнасці. А людзі, якія працуюць на “Белтрансгазе”, будуць атрымліваць заробак — не больш за тое”.
Раней кіраўнік Беларусі неаднаразова выказваў шкадаванне, што расіяне не жадаюць пракладаць праз нашу тэрыторыю другую нітку газаправоду “Ямал-Еўропа”. Але як толькі “Белтрансгаз” канчаткова стаў уласнасцю “Газпрама”, яны пачалі гэта пытанне ўсур’ёз абмяркоўваць. І плануюць рэалізаваць праект да 2018-2019 года. Ужо нават пралічылі, што змогуць праз новую нітку прапампоўваць у Еўропу да 15 мільярдаў кубаметраў газу. Былі праведзеныя ўжо карпаратыўныя перамовы з палякамі, венграмі і славакамі.
Да ўсяго, нагадвае Заіка, новая труба дазволіць “Газпраму” пазбавіцца залежнасці ад Украіны. Праз яе цяпер ідзе да 70% транзіту расійскага газу ў Еўропу.
Эксперт: Праект “Ямал-Еўропа-2” — чарговы праект па “распіле бюджэту”
Фота — ria.ru