“Забраў дакументы і сачу за 3 універамі: БДУІР, БНТУ і БДУ”
А што яшчэ застаецца хлопцу, у якога 171 бал па сертыфікатах? У апошні дзень паступлення рызыкоўныя абітурыенты мяняюць факультэты, ВНУ і свае мары.
Ля БДУ людна. Абітурыенты на лавах, на прыступках. Многія трымаюць на каленях ноўтбукі — сочаць за колькасцю балаў. Большасць сярод абітурыентаў галоўнага ўніверсітэта краіны — дзяўчаты. Некаторыя грызуць пазногці ці паляць.
На лавачцы чакаюць хлопец з кабетай. Падалі дакументы на “Міжнародныя зносіны”. Але ў апошні дзень думаюць перакінуць на іншы факультэт.
“Факультэт міжнародных зносін, Мытная справа. Падала дакументы, цяпер хачу перакінуць на Эканамічны факультэт. Бо ёсць варыянт: магу прайсці, магу не прайсці. Каб не рызыкаваць”.
Дзяўчына мае 335 балаў. Прахадны на Міжнародныя зносіны быў 332 у мінулым годзе. А каб трапіць на Эканамічны факультэт, летась трэба было набраць 312 балаў.
У холе натоўп. Абітурыенты і бацькі ля табло са статыстыкай па факультэтах. Ля лесвіцы дзяўчына з маці ўважліва ўглядаюцца ў лічбы. Дзяўчына хоча трапіць на “Міжнародныя зносіны”. Аднак у апошні дзень вырашыла памяняць будучую прафесію.
“Я збіраюся перакінуць дакументы з Міжнароднага права на Лінгвакраіназнаўства. Мяне пераканалі. Лепш адукацыя, можа, якую я і не вельмі хацела, але якасная”.
Па спецыяльнасці дзяўчына будзе знаўцай усходняй культуры і мовы.
“Чалавек, які ведае мову, культуру, краіну. А права — гэта юрыст-міжнароднік з веданнем замежнай мовы”, — тлумачыць розніцу між спецыяльнасцямі абітурыентка.
На перакрыжаванні вуліц, між БДУІР і БНТУ сустракаю двух юнакоў. Яны думаюць, у якую з ВНУ падаць дакументы. Чакаюць. Абодва родам з Капыля.
“Думаю паступаць у БДУ на Фізічны факультэт. Я адвучыўся год у БДУІРы, на платным. Цяпер планую паступіць на бюджэт. Забраў дакументы і сачу за трыма ўніверамі: БДУІР, БНТУ і БДУ. У Радыётэхнічным назіраў за спецыяльнасцямі “Квантавыя інфармацыйныя сістэмы”,”Радыётэхнік”, “Радыёінфарматык”. У БНТУ сачу за Машына-будаўнічым, Інфармацыйным і Факультэтам робататэхнікі, у БДУ — толькі за Фізічным факультэтам”.
Для паступлення хлопец набраў 171 бал. Летась у БДУ на Фізічны трэба было мець толькі 108. Статыстыку юнак маніторыць ад пачатку ўступнай кампаніі. За будучы заробак не хвалюецца.
Ля БНТУ абітурыенты размясціліся па ўсім універсітэцкім скверыку. Некаторыя хаваюцца ад спёкі ў холе. Разглядаюць абвесткі са статыстыкай па факультэтах. Каля шыльды “Прыборабудаўнічы факультэт” абітурыентка вывучае інфармацыю.
“Я доўга выбірала. Не магла вызначыцца з прафесіяй. У апошні момант вызначылася з “Прыборабудаўнічым факультэтам”. Што пайду ў БНТУ — выбрала адразу. Вельмі хацела на “Транспартныя камунікацыі”. Хацела будаваць метро, думала, буду праектаваць метро… Але потым абрала факультэт, каб балаў было з запасам”.
За статыстыкай па балах кабета сачыла штодня па некалькі разоў. Перабрала каля пяці спецыяльнасцяў. А вось пра будучы заробак і працу яшчэ не задумвалася.
Каля Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі шмат моладзі. На прыступках сядзіць кампанія з Гомеля. Смяюцца: дакументы ўжо пададзеныя. Усе з адной школы, нават з адной паралелі. Ужо паспелі перадумаць і перакінуць дакументы на іншую спецыяльнасць.
“Мы перакідвалі дакументы ў межах КСІС (Факультэт кампутарных сістэм і сетак). З праграмнага забеспячэння электронных тэхналогіяў на вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі. Бо балаў не хапіла”.
За статыстыкай па факультэтах і спецыяльнасцях маладзёны сачылі ўпарта. Штодня заходзілі па 20-30 разоў. У будучым заробку не сумняюцца. Маўляў, “праграмісты добра зарабляюць”.
У кутку паляць два хлопцы з Баранавічаў. Падалі дакументы на Факультэт кампутарных сістэм. Кажуць, гэта прэстыжна, і плануюць шмат зарабляць пасля ўнівера.
“З універсітэтам мы адразу вызначыліся. А факультэт… сёння перападавалі ўжо на іншую спецыяльнасць, бо балаў не хапіла. Будзем зарабляць мільярды грошай!”.
За статыстыкай хлопцы сачылі ад пачатку кампаніі. Кажуць сёлета паступаць складаней. На некаторых факультэтах прахадныя балы вышэйшыя. У мінулым годзе на спецыяльнасць "Вылічальныя сістэмы, сістэмы і сеткі" прахадны бал быў 245, а зараз юнакі чакаюць, што будзе 270.
З 15 апытаных карэспандэнтам Еўрарадыё абітурыентаў толькі 4 падалі дакументы туды, куды збіраліся ад пачатку.
Фота: hotimsk.by