Яраслаў Раманчук напісаў новую кнігу і паабяцаў падарыць яе Лукашэнку

Падзеяй года прызналі стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы, скандалам — валютны дэфіцыт, а тэндэнцыяй — рост пазыкаў. Эканамісты пры гэтым вырашылі не канцэнтравацца на негатыве і вызначылі самае паспяховае міністэрства 2011 года. Ім аказалася Міністэрства транспарту і камунікацый.

А вось найгоршым дзяржаўным органам 2011 года спадар Раманчук з паплечнікамі прызнаў Нацыянальны банк. І нават параўнаў яго кіраўніцу Надзею Ермакову са шчырым, але дурнаватым героем вядомага амерыканскага фільму.

111229 Pilecki Raman4uk.mp3

“Ведаеце, я думаю, што кіраўніца Нацбанка — чалавек шчыры. Я не ведаю, чаму. Альбо праз няведанне… Ведаеце, калі чалавек — як Форэст Гамп”.

Ахвярамі 2011 года Раманчук назваў рублёвых укладчыкаў. Эканаміст шчыра здзівіўся, якім чынам можна трымаць у банках 24 трыльёны рублёў пад 30-60%, калі гадавая інфляцыя перасягнула ўзровень у 110%.

Горш за іх павінны пачувацца толькі тыя, хто накупляў у 2011 годзе аўтамабіляў. За імі намінацыя “Казус 2011 года”. Машын у Беларусь было ўвезена больш за 256 тысяч, а прадаць іх у Расію людзі змогуць толькі ў 2013 годзе. І тое, калі яны не згніюць да таго часу.

Усе эканамічныя вынікі года і прагнозы на будучыню Яраслаў Раманчук разам са сваім калегам Леанідам Заікам сабралі ў тоўстай кнізе “Беларусь 20/20”. Яе яны збіраюцца перадаць чыноўнікам і нават асабіста Лукашэнку.

“Заўтра я іду на пошту і 20 кніг высылаю асабіста Аляксандру Лукашэнку, Сідорскаму… Сідорскі таксама атрымае, дарэчы. Сёння асабіста атрымае міністр эканомікі, прэм’ер-міністр — усе тыя людзі, якія так ці інакш прымаюць рашэнні. Я думаю, што мы зробім так, каб у выніку атрымалі ўсе тыя людзі, якія займаюцца эканамічнай палітыкай”.

А вось кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка сёлета, нягледзячы на некалькі намінацый, так і не перамог. У катэгорыі "Цытата года" ён прайграў свайму дарадцу па эканамічных пытаннях Сяргею Ткачову. Выказванне пераможцы гучыць наступным чынам: “Даўно ў нас няма Дзяржплану. Але ва ўмовах пераходу да пераважна эканамічных метадаў кіравання, да ўзмацнення рыначных рэгулятараў усё ж выкрышталізоўваецца ідэя Дзяржплану”.