Як з дапамогай санкцый вызваліць палітвязняў і захаваць рэпутацыю?

130410_eurafokus.mp3

“Прахадная” канферэнцыя "Дыялог пра мадэрнізацыю з беларускім грамадствам" у Еўрапарламенце нечакана падаравала шэраг сюрпрызаў.

"Санкцыі не вызваляюць палітвязняў, яны павялічваюць антызаходнія настроі, памяншаюць уплыў дэмакратаў і паскараюць эканамічную агрэсію з боку Расіі", — заявіў падчас свайго выступу лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Ці азначае гэта, што палітык заклікае Еўрасаюз распачаць дыялог з афіцыйным Мінскам, не чакаючы вызвалення палітзняволеных? Ні ў якім разе, упэўнівае Еўрарадыё намеснік Мілінкевіча Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: “Калі мы гаворым пра магчымасць распачынання дыялогу, то мусіць быць пададзены сігнал афіцыйнаму Мінску, што сітуацыя паміж ім і Еўрасаюзам можа мяняцца ў пазітыўны бок. Можна нават акрэсліць выгады, якія атрымае афіцыйны Мінск ад гэтага супрацоўніцтва, але ўсё адно першы крок павінен быць зроблены рэжымам і гэты крок — вызваленне палітвязняў”.

Мінск ужо прапанаваў Бруселю зрабіць “першы крок” і скасаваць спісы неяўзных у ЕС беларускіх чыноўнікаў, сцвярджае лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Беларускія ўлады і некаторыя структуры ўнутры Беларусі сінхронна заявілі, што першы крок павінен зрабіць Еўрасаюз — скасаваць спісы чыноўнікаў, у адносінах да якіх уведзеныя візавыя і фінансавыя абмежаванні. Наўзамен беларускі рэжым вызваліць палітвязняў”.



Толькі ў брусельскіх кабінетах добра разумеюць, што трэба думаць пра сваю палітычную рэпутацыю. Таму еўрапалітыкі сёння проста не могуць пайсці на дыялог з афіцыйным Мінскам без выканання ўмоў, якія ЕС перад ім столькі часу “жорстка” ставіў, упэўнівае Еўрарадыё прэзідэнт Славацкага Інстытута па сувязях з грамадскасцю, палітолаг Рыгор Мясежнікаў.

Рыгор Мясежнікаў: “Зразумела, для саміх палітзняволеных было б лепш, калі б іх вызвалілі ўжо зараз — сёння ці заўтра. Але тым не менш для Еўрасаюза вельмі важна ў гэтай сітуацыі даць адназначны сігнал беларускаму кіраўніцтву, што без зменаў унутрыпалітычных, без выканання правоў чалавека, без вызвалення палітзняволеных доўгатэрміновы дыялог немагчымы”.




Што да "Дыялогу пра мадэрнізацыю Беларусі", то яго Еўрасаюз, нібыта, можа працягнуць з беларускімі ўладамі. Прычым — ужо без удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Падставай для такіх асцярогаў стала ўзгадка дырэктарам дэпартаменту па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунарам Вігандам пра сустрэчу ў Тбілісі Штэфана Фюле і Уладзіміра Макея. Падчас якой яны дамовіліся аб далучэнні Беларусі да "Дыялогу пра мадэрнізацыю". А як вядома, улады Беларусі адмаўляюцца ад дыялогу з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Гэта насцярожвае Лябедзьку.

Анатоль Лябедзька: “Гэта можа азначаць, што тыя, хто пачынаў гэты дыялог, прыхільнікі перамен, застануцца на станцыі са сваімі чаканнямі і напрацоўкамі, а цягнік рушыць далей — да аўтарытарнай мадэрнізацыі. Якую будуць праводзіць эксперты ад улады з прадстаўнікамі Еўрапейскага саюзу”.

У тым, што такое немагчыма, упэўнівае славацкі палітолаг Рыгор Мясежнікаў.

Рыгор Мясежнікаў: “Цалкам выключыць прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, грамадзянскіх ініцыятыў проста немагчыма. У такім выпадку Еўрасаюз цалкам бы страціў аблічча”.

Еўрасаюз проста разважае, якім чынам уцягнуць беларускія ўлады ў “Дыялог пра мадэрнізацыю” трэцім удзельнікам, а не як пазбавіцца грамадзянскіх экспертаў, спадзяецца і Юрась Губарэвіч.

У кожным разе канферэнцыя дала шмат падстаў для разваг наконт будучыні ў адносінах паміж Мінскам і Бруселем. Асабліва з улікам таго, што акурат у гэты ж час з еўрачыноўнікамі сустракалася намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.svaboda.org