Як перайсці ад аднаго мабільнага аператара да іншага і захаваць стары нумар
Для гэтага давядзецца выплаціць усе даўгі, разлічыцца за тэлефон, калі бралі яго ў расстэрміноўку, заплаціць аператару і пачакаць каля трох дзён.
З 1 лютага беларусы могуць мяняць мабільнага аператара, пакідаючы свой стары нумар. Магчымасць гэтая разлічаная на абанентаў “МТС”, VELCOM і Life:). Абаненты кампаніі Diallog перайсці да іншага аператара не змогуць. Умовы захавання нумару ва ўсіх кампаній амаль аднолькавыя. Толькі кошт адрозніваецца кардынальна. Ад 0 да 79 тысяч рублёў за сыход.
“Паслуга сыходу з “МТС” да іншага аператара будзе каштаваць 15 тысяч рублёў. Калі вы хочаце перайсці на “МТС”, тады гэта можна будзе зрабіць у кожным офісе нашай кампаніі бясплатна”, – расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе кампаніі.
Дарэчы, разглядаць вашу заяўку у “МТС” могуць ажно тры дні. На гэты час ваш нумар будзе недасяжны. Але ўсе кампаніі дадуць сім-карту з часовым нумарам, які пасля заменяць на ваш ранейшы.
Сама працэдура выглядае наступным чынам – трэба прыйсці ў офіс свайго аператара і напісаць заяву аб жаданні перанесці нумар да іншага аператара. Там правераць ваш баланс, адсутнасць запазычанасці і выдадуць адмысловую паперу. З ёй трэба ісці ў офіс новага аператара. У VELCOM працэдура пераходу таксама займае да трох дзён, а каштуе ажно 79 тысяч. Прычыну такой высокай цаны ў кампаніі патлумачыць не могуць.
“Калі ў вас няма ніякай запазычанасці, ніякіх тэлефонных апаратаў, аформленых на нумар, ваш стары аператар адключыць, і на працягу трох дзён можна будзе перааформіць нумар на VELCOM”.
Перашкодзіць пераходу да новага аператара са старым нумарам можа не толькі мінусавы баланс. Калі вы набывалі новы тэлефон або смартфон у свайго старога аператара ў растэрміноўку, то вас не адпусцяць, пакуль не разлічыцеся.
Дарэчы, усе аператары, “прымаючы” да сябе нумары іншых, падключаюць адмысловую паслугу. Калі вам будуць званіць на стары нумар да новага аператара, ён паінфармуе абанента аб пераменах.
“Будуць інфармавацца. Таму што гэтая паслуга прадугледжвае нейкі галасавы набор. Зараз, на жаль, дакладна не магу зарыентаваць вас, як гэта будзе выглядаць. Але, калі ўжо будуць дазвоньвацца на ваш ужо новы нумар, яны будуць чуць інфармацыю, што ў вас новы аператар. Адпаведна – тарыфікацыя будзе іншая”, – расказваюць у інфацэнтры Life:).
Дарэчы, у гэтага аператара працэс “прыёму” новага абанента са старым нумарам можа зацягнуцца да 4 дзён. Прымае ў свае шэрагі турэцкая кампанія таксама бясплатна, а вось з коштам пераходу там пакуль не вызначыліся. Хутчэй за ўсё, адпускаць абанентаў таксама будуць без грошай.
“Калі ў вас няма ніякай запазычанасці, ніякіх тэлефонных апаратаў, аформленых на нумар, ваш стары аператар адключыць, і на працягу трох дзён можна будзе перааформіць нумар на VELCOM”.