Вярхоўны суд пацвердзіў апраўданне прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі
10 чэрвеня Вярхоўны суд пацвердзіў апраўдальны прысуд Мінскага гарсуда.
Суд прызнаў, што Бандарэнку асудзілі незаконна, і зняў з яго абвінавачанні ў крадзяжы маёмасці фірмы праз махлярства, перадае Радыё "Свабода". Да апраўдальнага прысуду Бандарэнка паспеў адседзець два гады ў турме.
Гучная справа прадпрымальніка пачалася ў сярэдзіне 2009 года. Яго, сябра АГП, які годам раней браў удзел у парламенцкіх выбарах, арыштавалі пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы і абвінавацілі ў крадзяжы маёмасці. Яго судзілі ў кастрычніку 2009 года і пераглядалі справу яшчэ праз некалькі месяцаў. Пасля другога суда на Бандарэнку застаўся прысуд у 6 гадоў турэмнага зняволення.
У Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне палітвязень, ён працягваў называцца "незаконна асуджаным" і адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй. За гэта ён неаднаразова трапляў у карцар. У сакавіку 2011 году Мінгарсуд перагледзеў справу Андрэя Бандарэнкі і адмяніў прысуд Першамайскага суду Мінску. Цяпер гэтае рашэнне пацвердзіў Вярхоўны суд.