"Вунь спартовая куртка: у краме каштуе 43, а ў сэканд-хэндзе — 89"

111004 Martin Secondhand.mp3

У сэканд-хэндзе па вуліцы Чкалава падчас абеду людзей не багата: адна толькі маладая жанчына. Пытаюся, ці часта набывае тут рэчы.

“Часам, для дзіцяці. Для сябе — не. Бо не знаходзіш тое, што трэба. Цяпер хачу паглядзець для пляменніцы рэчы”, — гаворыць Святлана.

Жанчына скардзіцца, што раней вопратка каштавала танней. А цяпер рэчы ў звычайнай краме можна набыць за меншы кошт.

“Раней была вялікая розніца. Цяпер у краме танней. Вунь вісіць байка, шэрая: у краме яна каштуе 43 тысячы, беларускай вытворчасці. А тут каштуе 89”.

Святлана распавядае, што цяпер рэчы свайму дзіцяці набывае ў краме, бо выгадна. Але прадаўшчыца крамы ўжываных рэчаў з ёй не пагаджаецца. Маўляў, кліентаў у сэканд-хэндзе, наадварот, стала больш.

“У два разы дакладна. Узрост розны: ад дзяцей да сталых людзей. Дзеці хутка растуць. Любая рэч — на адзін сезон. Таму тут выгадна. У мяне ў самой два сыны, я рада, што тут працую, таму магу іх апрануць”.


Прадаўшчыца ўпэўнівае, што сама апранаецца ў рэчы з сэканда. Праўда, прызнае, што кошты і тут кусаюцца.

“Так, яны не маленькія, але менш за рыначныя і менш, чым у нашых ГУМах і ЦУМах. Выбачайце, але нашая “Купалінка” — пасля першай пральні ўсё расцягнута. Нават кітайскія джынсы пасля пральні губляюць форму. А тут няхай і паношанае, але гэта Levi's”.

Ёсць пастаянныя кліенты, але прыходзяць і новыя: прыкладна напалову, даводзіць прадаўшчыца.

Паліто ў гэтай краме абыдзецца ад 150 да 250 тысяч. Для параўнання: сарочка ў ГУМе каштуе ад 64 тысяч, паліто і курткі — 800 тысяч, мільён і вышэй.

Выходзячы з крамы ўжываных рэчаў, заўважаю поруч яшчэ адзін сэканд-хэнд. Рэчы там выбірае жанчына сярэдняга веку.

Прадавец за прылаўкам упэўнівае, што кошты ў сэканд-хэндзе, наадварот, паніжаюцца.

“Ёсць прывязка, бо я плачу валютай, калі набываю рэчы. Калі курс быў 20, гэта я утрырую, кошты раслі. Цяпер курс падае — і цэны таксама”.


Прадавец кажа, што самая дарагая рэч ў яго краме каштуе не больш за 200 тысяч.

А вось блогерам удалося знайсці паліто, якое ў сэканд-хэндзе на завулку Казлова каштуе больш за мільён!  Пра гэта паведамляе блогерка stogova.

Цікава, што ў буціку Hugo Boss, што на праспекце Незалежнасці, праз крызіс менш кліентаў не стала, адзначае прадавачка. І гэта пры такіх коштах… Шкарпэткі там каштуюць ад 160 тысяч, майткі — 560 тысяч.

Фота: stakhanov.org.ua, stogova.livejournal.com