Венгрыя ідзе па шляху Беларусі?

З 1 студзеня Венгрыя прыняла старшынства ў Еўрасаюзе. І 1 ж студзеня ў гэтай краіне быў прыняты закон “Аб СМІ”, які даў падставы асобным палітыкам краін-сябраў ЕС ўзняць пытанне аб правамоцтве гэтага старшынства.

Як расказаў падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы журналіст Гергей Варга, новы закон пагражае вялікімі грашовымі санкцыямі за перадачу “перадузятай інфармацыі”, а таксама — за “нанясенне шкоды дзяржаўным інтарэсам, грамадскаму парадку і маральнасці”. Прычым, не толькі тэлеканалам, газетам ці радыёстанцыям, але і інтэрнэт-СМІ. Для радыёстанцый і тэлеканалаў штрафы могуць дасягаць памеру ў 730 тысяч еўра. Пра крыніцу сваёй інфармацыі журналісты павінны паведамляць па першым патрабаванні Камісіі па СМІ пад страхам допыту на гэтую тэму Дзяржаўнай службай бяспекі.

Гергей Варга: “Журналісту неабходна паведаміць крыніцу інфармацыі, калі гэтага просіць Камісія па інфармацыі. Гэты было і раней, але прапісана было не так адназначна. А зараз, калі журналіст з гэтым не згодны, то Служба бяспекі можа яго прымусіць. Закон "Аб СМІ", што праўда, быў у нас не зусім сучасным. Але ніхто не думаў пра тое, што яны (кіруючая партыя — Еўрарадыё) прымуць яго. Было дрэнна, а зараз яшчэ горш!”




Што тычыцца самой Камісіі, якая сочыць за дзейнасцю ўсіх венгерскіх СМІ, то, па словах рэдактара аддзела навінаў аднаго з камерцыйных тэлеканалаў, склад яе выклікае насцярогу: там няма не толькі нікога з апазіцыі, але і незалежных экспертаў:

“Зараз у гэтай камісіі па СМІ прадстаўнікі адной партыі. Прычым працаваць там, згодна з законам, яны будуць вельмі доўга. Філасофія гэтай камісіі наступная: з’яўляючыся прадстаўнікамі ўрада — укараняць палітыку гэтай партыі”.

Новы закон выклікаў рэзка адмоўную рэакцыю ў краінах Еўрасаюза. Асабліва на фоне таго, што прэм’ер-міністр Віктар Орбан ужо фактычна падпарадкаваў сабе заканадаўчую (парламент Венгрыі на дзве траціны складаецца з сябраў партыі, якую ўзначальвае Віктар Орбан), выканаўчую і судовую ўлады. А зараз дайшла чарга і да “чацвёртай улады”. АБСЕ ўжо назвала гэты закон “пагрозай для свабоды слова”. Асобныя ж палітыкі ў ЕС заявілі, што Орбан будуе дыктатуру.



Міністр замежных спраў Люксембурга нават паставіў пытанне аб мэтазгоднасці старшынства гэтай краіны ў ЕС. Але размоў пра нейкія санкцыі з боку ЕС да Венгрыі не ідзе. Лідары Еўрасаюза абралі іншую тактыку.

Гергей Варга: “Напрыклад, саміт кіраўніцтва ЕС не будзе праходзіць у Венгрыі. Спачатку сказалі, што будзе такі саміт, але потым яго перанеслі. Віктара Орбана нават не прыцягнулі да ўзгадняючых перамоў па становішчы ў Лівіі. І шмат прымаецца рашэнняў з боку ЕС, якія раней абавязкова прымаліся пры ўдзеле краіны, якая старшынюе ў ЕС. Такім чынам, Венгрыя не прызнаецца — дакладней, прызнанне Венгрыі не палепшылася ў Еўрасаюзе”.

Фота: Змітра Лукашука