У ВНУ не ведаюць, як цяпер налічваць стыпендыю студэнтам

110909 Martin Stepuha.mp3

З 6 верасня стыпендыю прывязалі да стаўкі першага разраду ўказам кіраўніка краіны.

“Я не ведаю механізму, як яе будуць прывязваць, як разлічваць”, — кажуць у бухгалтэрыі БДУІР.

Пакуль жа студэнты былога Радыётэхнічнага інстытута атрымаюць сваю старую стыпендыю. Самая вялікая стыпендыя ў гэтай ВНУ — 238 тысяч. Самая маленькая — 149 тысяч.

Не ведаюць, як далей налічваць стыпендыю, і ў галоўнай ВНУ краіны.

“Мы не бачылі дакументаў яшчэ, — кажуць у БДУ. — Будзе гэта з 1 кастрычніка ці з 1 лістапада — невядома. Гавораць, што стыпендыя будзе больш, але гэта толькі кажуць”.

Дакладна ў верасні студэнты БДУ атрымаюць леташнюю стыпендыю. Мінімальная — 193 тысячы, максімальная па натуральных навуках — 310, па гуманітарных — 290.

А вось у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце ўпэўненыя, што стыпендыі павысяцца пасля прывязкі.

“Каб стымуляваць студэнтаў, прывязалі да стаўкі першага разраду. Натуральна, стыпендыя павялічыцца”.

Аднак у Міністэрстве адукацыі, дзе распрацавалі ўказ, пра павышэнне стыпендыі ніхто не кажа.

“Гэта зроблена для спрашчэння выплаты стыпендыяў. Самі памеры стыпендый не змяніліся. Механізм будзе просты. Ведаючы стаўку першага разраду, мы прымяняем каэфіцыент і вылічваем стыпендыю. А да гэтага трэба было рабіць указ прэзідэнта, гэта была доўгая працэдура”, — тлумачаць у Мінадукацыі.

Супрацоўніца міністэрства дадае толькі, што ў кастрычніку можа падняцца стаўка першага разраду. Тады, маўляў, і стыпендыя вырасце.

Цікава, што апошнім разам стыпендыя павялічвалася летась у лістападзе. Студэнтам дадалі 31%. Самай высокай стала стыпендыя ў БДУ на спецыяльнасці “ядзерная энергетыка” — ад 213 да 341 тысяч.

І стаўка першага разраду таксама павялічвалася ў лістападзе з 90 да 118 тысяч рублёў. Гэта менш за 31 адсотак росту. То можа студэнты наадварот згубяць праз гэты ўказ?

Пытаемся ў міністэрства, якім чынам цяпер будуць налічваць стыпендыю.

“Каэфіцыент усталёўваецца па ўзроўнях адукацыі, ён прапісаны ва ўказе. Ён будзе памнажацца на стаўку першага разраду”.

Ва ўказе прапісаны мінімальны каэфіцыент, на яго будуць уплываць адзнакі студэнта.

фота: technolog.edu.ru