У Вільні ўдзельнікі пікета нагадваюць пра палітвязняў у Беларусі (фота)
Яны разгарнулі сцягі каля будынка, дзе праходзіць сесія Савета міністраў АБСЕ.
На пачатку другога дня 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ яе ўдзельнікам нагадалі пра сітуацыю ў Беларусі. Адмысловы пікет зладзілі актывісты “Еўрапейскай Беларусі”, Таварыства беларускай культуры ў Літве, студэнты-беларусісты. Па словах кіраўніка грамадска-палітычнага прадстаўніцтва Беларусі Алега Мяцеліцы, робіцца гэта для таго, каб нагадаць пра тое, што не знікае небяспека з’яўлення новых палітвязняў у Беларусі.
Мяцеліца: “Мэта наша — яшчэ раз прыцягнуць увагу і нагадаць пра пытанне па Беларусі, пра тыя катаванні, што людзі працягваюць знаходзіцца за кратамі, пра стан здароўя гэтых людзей. І пра тое, што не знікае небяспека з’яўлення новых палітычных вязняў, новых палітычных закладнікаў”.
Па словах Мяцеліцы, калі яны падыйшлі да будынка, дзе праходзіць сесія Савета міністраў АБСЕ і разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг, паліцыянты падыйшлі і параілі самае зручнае месца для пікета.