У Смалявічах "невядомыя ў цывільным" забаранялі здымаць акцыю
У Смалявічах маўклівая акцыя прайшла без затрыманняў. На плошчы знаходзілася каля 10 "хлопальнікаў". Яны прыйшлі разам з дзецьмі.
У час правядзення на плошчы не прысутнічалі міліцыянты ў форме, аднак за ўдзельнікамі ўвесь час назіралі невядомыя асобы ў цывільным. Калі "хлопальнікі" сабраліся разыходзіцца, асобы ў цывільным падыйшлі да дзяўчыны з фотаапаратам і сталі патрабаваць знішчыць фотаздымкі.
Як паведаміла Еўрарадыё Вольга, невядомыя асобы не захацелі прадставіцца.
Вольга:"Яны сказалі, што ведаюць, чаго мы тут стаім і ўсё разумеюць. І што я не маю права фатаграфаваць. Сталі патрабаваць сцерці здымкі".
Калі астатнія ўдзельнікі акцыі сталі пляскаць у ладкі ім у спіну, "невядомыя" паспешна перайшлі на іншы бок плошчы.
У час акцыі рух на плошчы быў перакрыты, праводзілася рэпетыцыя танцавальнага калектыва гораду.