У Салігорску плануюць зладзіць адразу два мітынгі
Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці хочуць сустрэцца з жыхарамі гораду і абмеркаваць пытанне: як жыць далей ва ўмовах крызісу?
Заяўкі на правядзенне гэтых мітынгаў, папярэдне прызначаных на 11 і 12 чэрвеня, падаў мясцовым уладам салігорскі актывіст Уладзімір Шыла, паведамляе “Праваабарончая хроніка”.
25 траўня спадар Шыла здолеў асабіста сустрэцца кіраўніцтвам раёну. Пад час размовы дэмакратычны актывіст давеў салігорскім чыноўнікам інфармацыю аб сур’ёзнай напружаннасці сярод жыхароў гораду з-за значнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне. У гэткіх варунках, па словах Уладзіміра Шылы, чарговая адмова ў правядзенні легальнай акцыі пратэсту можа справакаваць несанкцыянаваны выхад людзей на цэнтральную плошчу гораду.