“У Расію мяне бралі без іспытаў, але я паеду вучыцца ў Еўропу пасля БДУ”

“Атрымліваецца, па рускай — 100 балаў было за алімпіяду, па "Чалавеку, грамадстве, дзяржаве" — 100 балаў па тэставанні, па англійскай мове — 98 балаў па тэставанні і атэстат 99 балаў”, — агучвае свой выдатны вынік абітурыентка БДУ Наста Кохан, якая набрала больш за ўсіх балаў.

Выдатніца ўсмешліва адзначае, што не марнавала шмат часу на падрыхтоўку — паўтары гадзіны рэпетытарства на тыдзень і столькі ж штодня на падручнікі. І гэта толькі апошнія 2 месяцы перад ЦТ! Наста паступіла на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны” у БДУ. Прахадны бал там 359. Цікава, што да вясны дзяўчына збіралася на філфак.

Наста Кохан: “Я вырашыла, што прафесія на філфаку будзе зашмат статычная і мне стане сумна. На філфак я збіралася на рускую філалогію. Думала пра паступленне ў Расію, бо мяне бралі без іспытаў у інстытут імя Пушкіна ў Маскве”.


Але ў расійскую сталіцу Наста не паехала. Вучобу за мяжой яна адклала на будучыню.

Наста Кохан: “Думаю, можа, каб пасля ўнівера паехаць у магістратуру ў Еўропу. Пакуль не выбірала, але, можа, Францыя, Вялікабрытанія ці ЗША”.


У вольны час Наста гуляе з сябрамі, ходзіць у тэатр і кіно, займаецца музыкай, грае на фартэпіяна. У літаратуры любіць класіку, мадэрнізм XX стагоддзя, постмадэрнізм.

Абраная Настай Кохан спецыяльнасць — не самая раскручаная ў БДУ. Вышэйшы прахадны бал на “Міжнародным праве” — 369.

“Бал нават праглядаўся часам на 374. І многія з высокімі баламі пераносілі дакументы на іншую спецыяльнасць. Напрыклад, “Лінгвакраіназнаўства”. Гэта спецыяльнасці аднаго профілю. А тыя, хто не перанёс дакументы — пойдуць на платную форму”, — даводзіць адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

Але, каб трапіць на “Лінгвакраіназнаўства”, трэба было набраць не ніжэй за 360 балаў. І ўсяго 9 балаў розніцы! На “Міжнародным праве” толькі 15 месцаў на 39 жадаючых. Яшчэ 24 абітурыенты ці то пойдуць на платную форму, ці то не паступяць наогул. Бо прахадны там будзе ніжэй толькі на 30-50 балаў.

Агулам жа сярэдні бал, які мелі абітурыенты ў 2011 годзе, на 10-15% вышэй, чым летась.

Найвышэйшы набраны абітурыентам бал у БНТУ меншы за прахадны ў БДУ.

“364 балы — самы высокі сумарны бал. Гэта Будаўнічы факультэт, спецыяльнасць “Экспертыза кіравання нерухомасцю”, — прызнаецца адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ Аляксандр Малярэвіч.

Прахадныя балы па факультэтах у БНТУ пакуль невядомыя. Але наўрад ці самы высокі з іх перавысіць 320 балаў, сцвярджае адказны сакратар.

Фота: bymedia.net