У Расіі Новы год будуць святкаваць 10 дзён, а ў Беларусі — адзін
2 студзеня разам з беларусамі працуюць літоўцы і палякі, а ўкраінцы адпачываюць.
“Можаце сказаць, што ў прэс-службе паведамілі пра адсутнасць такой пастановы”, — лаканічна расказалі нам у Савеце міністраў Беларусі.
Нагадаем, што менавіта ўрад вызначае парадак пераносу працоўных дзён. Сёлета ўсе навагоднія святы — каталіцкія і праваслаўныя Каляды, а таксама Новы год — прыпадаюць на выходныя. Адпаведна, буднія дні застануцца рабочымі і ўжо 2 студзеня ва ўсіх беларусаў будзе звычайны працоўны дзень. Адзначаць надыход Новага году можна будзе толькі адзін дзень — 1 чысла.
А вось суседняя Расія надыход Новага году ўжо каторы год святкуе не дзень і не два — а цэлых дзесяць. На працу там не ходзяць з 1 па 10 студзеня. І гэтыя вакацыі ніхто не адпрацоўвае.
“Гэта ўжо не першы год, так. Ніхто не працуе. Натуральна, хлеб пякуць. Гэта індывідуальна. Школы не працуюць. Каб яны былі прапушчаныя і адпрацоўваюцца... Гэта выходныя дні афіцыйна, дзяржаўныя святы. Іх не трэба адпрацоўваць”.
Нашыя паўночныя суседзі-літоўцы больш сціплыя і навагодніх вакацый не маюць. Затое Божае нараджэнне там святкуюць не адзін дзень, а два. Так што беларусам трэба памятаць, што 26 снежня “Акропаліс” працаваць не будзе. Дарэчы, 1 студзеня ў Літве — гэта не толькі пачатак новага году. Гэта яшчэ і Дзень нацыянальнага сцяга. Яшчэ адна нагода адсвяткаваць.
У Польшчы Каляды і Новы год сустрэнуць гэтак сама, як і ў Літве.
“У Польшчы Божае нараджэнне пачынаем святкаваць 24 снежня. І тады прыватныя крамы, дзяржаўныя ўстановы часцей за ўсё працуюць да абеду. Акрамя гэтага мы святкуем 25 і 26. І тады гэта зусім свабодныя ад працы дні. У 2012 годзе першы непрацоўны дзень — 1 студзеня. Але гэта нядзеля і ўсё адно непрацоўны дзень”.
А вось украінцам пашанцавала больш. У іх сёлета дадатковы выходны з’явіцца як 2 студзеня, так і 9-га. То бок ісці на працу адразу пасля застолля не прыйдзецца.