У Пінску міліцыя не дала правесці маўклівую акцыю

Па перыметры плошчы паставілі патрульныя машыны і нават падагналі аўтазак. Міліцыянты не дазвалялі пінчукам праходзіць на плошчу, у некаторых правяралі дакументы. Тых, хто задаваў шмат пытанняў, адводзілі ў аўтазак. Прынамсі, сведкі бачылі тры падобныя затрыманні.

Цікава, што прыкладна а 18.30 міліцыянты затрымалі далёка ад плошчы Леніна пінчука, які раней актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычным руху. Ён проста ішоў па сваіх справах. Яго адвезлі ў ГАУС і праз хвілін 40 адпусцілі не складаючы пратаколаў і нават без прафілактычнай размовы. Былы актывіст кажа, што бачыў у міліцыі яшчэ аднаго “апазіцыянера на пенсіі”.