У Мінску ідзе збор грошай для ўдзельнікаў акцыі “Стоп-бензін"

Нагадаем, аўтамабільная акцыя пратэсту 7 чэрвеня паралізавала на дзве гадзіны рух на праспекце Незалежнасці ў цэнтры Мінску. Міліцыя затрымала чатырох удзельнікаў акцыі — Дзмітрыя Кавалгіна, Паўла Груздзіловіча, Алесю Макась і Аляксандра Рэдзькіна. 8 чэрвеня ім прысудзілі значныя грашовыя штрафы.

Як паведаміў з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн, людзі прыходзяць ды ўкідваюць у скрыні па 100-150 тысяч рублёў. Самая вялікая сума ад аднаго чалавека была 300 тысяч рублёў. Адзін мужчына прыйшоў з грашыма ў канверце і сказаў, што гэта ахвяраванні ад нейкага працоўнага калектыву. Людзей у міліцэйскай форме ці падазроных асобаў у цывільным ля “Журавінкі” не бачна.

Адзін з арганізатараў акцыі “Стоп-бензін” Арцём Шаркоў паведаміў Еўрарадыё, што калі будуць новыя суды над удзельнікамі акцыі, то будзе арганізаваны новы збор сродкаў. Ён пэўны, што сабранай сёння сумы будзе цалкам дастаткова, каб аплаціць штрафы чатыром актывістам. Калі ж застануцца лішнія грошы, то іх перададуць дзіцячаму дому.