У Мінску бацькі стаялі ў чарзе, каб запісаць дзетак у першы клас

Каб запісаць сваіх дзетак у першы клас, жыхары мінскага раёна Сляпянка… выстраіліся ў чаргу ля школы №182!

“Школа звычайна адкрываецца пасля 7-й раніцы. У 6:30 бацькі падыходзяць да яе, каб падаць заявы ў той першы клас, дзе будзе свая настаўніца, якая будзе весці дзяцей па ўсёй пачатковай школе. І апыняюцца ў спісе ўжо ў трэцім дзясятку! Бо чарга пачала збірацца яшчэ а 4-5 гадзіне раніцы”, — распавядае жыхар аднаго з суседніх са школай дамоў.

У верасні ў школе адкрыюцца тры першыя класы. Але настаўніца для іх… толькі адна! Сказалі, што ў астатнія класы будуць прыходзіць выкладчыкі са старэйшай школы, і бацькі запанікавалі.

“Бацькі хвалююцца, з 6-й раніцы чаргу займаюць, запісваюцца. Божа, звар’яцелі ўсе! Тут адзін настаўнік, яго ўсе на кавалкі рвалі, бо хто там у іншыя класы прыйдзе... Хвалююцца за дзяцей зараз больш, чым трэба!” — прыгадваюць у школьным аддзеле кадраў.

Натуральна, у 182-й школе добра ведалі, колькі на наступны год трэба настаўнікаў, і падавалі адпаведную колькасць заявак. Але… па размеркаванні ніхто не прыйшоў! Дырэктар школы Людміла Філіповіч скардзіцца, што настаўнікаў малодшай школы вельмі нестае нават у Мінску.

Людміла Філіповіч: “Набор на іх сёння вельмі маленькі. Гадоў 5-6 таму быў перабор. Таму, відаць, скарацілі наборы. А сёння шмат хто сыходзіць на пенсію і гэтак далей”.

Зараз на факультэце пачатковай адукацыі мінскага Педуніверсітэта — больш за 1 тысячу студэнтаў: 466 на дзённым аддзяленні, 603 на завочным. У дэканаце Еўрарадыё здзіўляюць: набор на настаўнікаў пачатковых класаў не змяншаецца, а, наадварот, павялічваецца! Што праўда, канкрэтныя лічбы назваць адмаўляюцца.

Тым часам, каб знайсці настаўніка для першакласнікаў, школа №182… дае абвесткі ў інтэрнэце! На працу гатовыя ўзяць нават студэнтак 4-5 курсаў! Заробак абяцаюць ад 2,5 мільёнаў. Рублёў, хаця ў абвестцы памылкова ўказаныя долары:

“Спачатку няхай вырашаць пытанне наконт заробкаў настаўнікаў і іх сацыяльных гарантыяў. Вось калі гэтыя людзі будуць сацыяльна гарантаваныя… Бо ўсе кажуць: “Доўгі адпачынак, доўгі адпачынак”. А якая карысць з гэтага доўгага адпачынку пры такім памеры адпускных?” — працягвае Людміла Філіповіч.

Дырэктар школы кажа, што літаральна днямі настаўніцы пачатковых класаў знайшліся. Так што бацькам першакласнікаў са Сляпянкі больш няма чаго хвалявацца. Прынамсі, з гэтай нагоды.

Фота: sc17.ucoz.ru