Расіяне на беларускіх вакацыях: вячэра – 2,5 мільёны, вопратка – 6 мільёнаў


“Я сюды амаль кожныя два месяцы прыязджаю. З дзіцём, з жонкай. Для нас некалькі разоў у начны клуб схадзіць, па крамах пагуляць. З’ездзіць на аўтарынак, бо кошты ніжэйшы у 3-4 разы. Жонка адкрыла для сабе “Мілавіцу”, у нас бялізна ўтрая даражэй”, - распавядае Дзмітрый, які прыехаў на калядныя вакацыі ў Мінск з Пецярбурга.


У краме “Мілавіца”, што па Веры Харужай  заўважылі наплыў турыстаў з Расіі.


“Толькі яны і былі. Добра паднялі продажы”, - кажа прадаўшчыца.


У краму вопраткі “Дэльта спорт” расіяне заходзілі па некалькі разоў за дзень. А адзін пакінуў у касе некалькі мінскіх заробкаў, прыгадвае прадавец.


“Набыў мільёнаў на 6. Набыў дзве пары штаноў, боты за 2 мільёны, куртку і шапку”.


Усе сталічныя гасцініцы ад каталіцкіх да праваслаўных Каляд былі занятыя расіянамі.


“Вельмі шмат ехалі без броні, на сваіх машынах. І такая сітуацыя ва ўсіх гасцініцах. Яны прыязджаюць, у асноўным, каб пахадзіць па крамах, па кафэ”, - распавядаюць Еўрарадыё ў гасцініцы “Юбілейная”. Гэтак як беларусы едуць у Вільню!


У мінскай алкагольнай краме “Кюве” расіяне зрабілі касу.


“Чырвонае віно куплялі, тое, чаго ў іх няма. Іншыя напоі таксама, але больш за ўсё чырвонае. Добра паднялі нам выручку, каб не яны – было б значна менш”.


У кавярні “Ложкі” расіян можна было “вылічыць” па заказе нарачанскага хлебу. А ў кавярні “Саюз online” кампанія пакінула 2,5 мільёнаў. Елі піцу, пілі, а потым забаўлялі адміністрацыю песнямі пра мушкецёраў, прыгадвае афіцыянтка.


На Камароўскім рынку скуплялі мяса ды салёнае сала.


“Калі нашы просяць адрэзаць кавалачак, то расіяне бяруць адразу ўвесь кавалак, як ёсць”, - кажа прадаўшчыца.


Як даведалася Еўрарадыё, за святочныя дні на гасцей з Расіі склалі 300 пратаколаў. Гэта толькі ў Мінскай вобласці.


“Грамадзяне расійскай федэрацыі здзейснілі каля 300 правапарушэнняў. Асноўнае – гэта парушэнне правілаў дарожнага руху. І яшчэ – парушэнне правіла знаходжання ў Беларусі”, - распавядае супрацоўнік мінскай абласной міліцыі.


У Гомельскай вобласці за расіянамі 101 парушэнне. Усе звязаныя з правіламі дарожнага руху, запэўніваюць у міліцыі.


Перад Новым годам дырэктар дэпартамента па спорце і турызме Вадзім Кармазін прагназаваў 200 тысяч турыстаў з Расіі на Каляды.


“200 тысяч – гэта мінімум, які мы чакаем. І гэта тыя расіяне, якія прыедуць з начоўкай. Вельмі шмат расіян прыязджае на адзін дзень”, - перадае словы Кармазіна Камсамолка.


А гэта больш, чым прыехала ў Беларусь у 2011-м годзе. Тады, па афіцыйных звестках, нашу краіну наведала толькі 147 тысяч замежнікаў.

Фота: bymedia.net