У Лідзе міліцыянты збілі журналіста тэлеканала "Белсат"

Як паведамляе БелаПАН, журналіст з жонкай шпацыраваў у цэнтры Ліды. Там праходзіла афіцыйнае мерапрыемства, прысвечанае пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і збіраліся ўдзельнікі маўклівай акцыі пратэсту. 


Карпенку затрымалі пасля таго, як, сустрэўшы сябра, ён пачаў размаўляць па-беларуску. Затрыманы хацеў аддаць жонцы барсетку з ключамі ад кватэры і аўтамабіля. Але міліцыянты запатрабавалі паказаць, што ў ёй. Калі Карпенка адмовіўся, на яго надзелі кайданкі і пацягнулі да міліцэйскай машыны. Потым два міліцыянты пачалі збіваць журналісты. Паведамляецца, што яго ўдарылі па нырках, да крыві разбілі галаву. Хуткую дапамогу выклікалі толькі ў міліцэйскім пастарунку. 


У барсетцы міліцыянты нічога не знайшлі і адпусцілі журналіста. Дактары сказалі, што неабходна накласці швы. Да бліжэйшай лякарні пацярпеламу давялося ісці пешшу.