У крызіс у зборшчыкаў пазыкаў стала больш кліентаў
А беларусы звяртаюцца да антыкалектараў у Маскве.
“Наша дзейнасць яшчэ не замацаваная на заканадаўчым узроўні і мы дзейнічаем у межах дазволу Міністэрства юстыцыі, як прадпрыемства, якое аказвае юрыдычныя паслугі”, - тлумачаць Еўрарадыё ў калектарскім агенцтве .
Калектары дапамагаюць кліенту вярнуць яго грошы, якія таму нехта вінен. Прасцей кажучы, прымушаюць вярнуць грошы, а пасля бяруць сабе адсотак. У Беларусі яны працуюць выключна з юрыдычнымі асобамі.
Пытаюся у калектарскім агенцтве, як жа яны прымусяць чалавека аддаць грошы, калі гэтых грошай у яго няма?
“Выключна ў межах заканадаўства. Метады могуць быць розныя, нават псіхалагічныя. Угаворы, напрыклад. Спачатку мы разбіраемся, чаму ёсць запазычанасць і чаму яна не аплачваецца, а ўжо потым вырашаем як працаваць з даўжніком”.
Сёння кліентаў у зборшчыкаў пазыкаў больш на 15%. Але і прымусіць вярнуць грошы цяпер не так лёгка.
“У сувязі з крызісам павялічылася колькасць зваротаў. Таксама стала шмат запазычанасцяў, якія складаней спагнаць”.
Траціна людзей аддае грошы яшчэ да суда, кажа юрыст кампаніі “Леў і партнёры”.
“Калі мы працуем у дасудовай стадыі. Калі чалавек атрымоўвае грошы, то ён аддае нам працэнт. У сярэднім гэта 30% пазыкі”.
Калі справа разглядаецца ў судзе, то кліент плаціць калектарам мінімум 600-900 тысяч яшчэ да суда.
Тым часам, у Расіі на гэты выпадак з’явіліся антыкалектарскія агенцтвы. У маскоўскай юрыдычнай кампаніі “only way” нечакана гаворыць, што да іх звяртаюцца… беларусы.
“Прыкладна 5 тэлефанаванняў за месяц ад беларусаў. Яны пішуць на нашых форумах, просяць дапамогі”, - кажа юрысконсульт кампаніі Андрэй Улас.
Паводле юрыста, у асноўным беларусы бароняцца ад банкаў, таксама церпяць з-за ламбардаў.
“Наша дзейнасць падзяляецца на тры этапы. Першы – дасудовы, калі мы баронім кліентаў ад службы бяспекі банка ці калектараў. Пасля гэтага справа вяртаецца ў юрыдычнае рэчышча. Адносіны кліента і банка вырашае суд. Трэці этап – паслясудовы, калі прыставы пачынаюць спагнанне пазыкі”.
Магчыма, такія агенцтвы хутка з’явяцца і ў Мінску.
Фота: nnm.ru