У хуткаснай электрычцы пустыя месцы, пенсіянеры скардзяцца на высокія кошты
А чыгуначнікі ўпэўніваюць, што павышаць цану на праезд пасажыры просяць самі.
У хуткаснай электрычцы, што ездзіць цяпер між Мінскам і Заслаўем людзей няшмат. У 8:57 швейцарскі цягнік выходзіць з вакзала: частка месцаў вольная. Чыгуначнікі на сваім сайце паведамляюць, што пасажыры электрычкі выказаліся за падвышэнне коштаў на праезд. Маўляў, маршрутка даражэй. Еўрарадыё вырашыла пракаціцца да Заслаўя і пагаварыць пра гэта з пасажырамі.

Еўрарадыё: Вы часта карыстаецеся гэтым цягніком?
Юнак: Так, амаль кожны дзень еду на працу.
Еўрарадыё: Кошт не пужае?
Юнак: Не, досыць прымальны.
Еўрарадыё: Кажуць, пасажыры электрычкі выказаліся, каб кошт на квіток паднялі. Маўляў, мала.
Юнак: Я сумняваюся, што людзі могуць быць за павышэнне коштаў. Некалькі разоў сутыкаўся, калі пенсіянеры ўзрушваюцца наконт камісійнага збору, для іх гэта ўжо шмат. Гэта збор за тое, што набываеш квіток адразу ў цягніку.

Квіток каштуе 2 тысячы рублёў, калі набываць на станцыі і тры – калі ў самой электрычцы. Гэта і ёсць камісійны збор. Звычайная электрычка каштуе менш – каля 1,5 тысяч рублёў.
Побач з хлопцам жонка з мужам, едуць у Заслаўе. На гэтай электрычцы едуць ўпершыню, але пра тое, што самі пасажыры прапануюць узняць кошты за праезд – чулі.
“Да мы нешта такое чулі. Вельмі здзіўленыя, бо гэта нейкі парадокс”.
Каля іх пенсіянерка. Едзе на дзень народзінаў да сяброўкі ў Зялёнае:
“Лічу, што гэта немагчыма, пасажыры ніколі такога не скажуць”, - рэагуе яна на высновы чыгуначнікаў.
Праз крэсла жанчына сярэдняга ўзросту. Сама працуе чыгуначнікам.
“Самі пасажыры просяць, каб падаражэлі квіткі!? Сумняваюся я ў гэтым. Так дзве тысячы не шмат. Набыў у касе і паехаў. Ехаць камфортна, цябе не трасе, каляскі на ногі ніхто не ставіць”.
У канцы вагону побач з пенсіянеркай вольная месца. Яна едзе на лецішча, у гэтай электрычцы ўпершыню. Звычайна карыстаецца маршруткай, якая на тры тысячы даражэй.
“Ведаеце, зараз жывецца вельмі цяжка”.
Бабуля скардзіцца, што дабрацца да лецішча і так каштуе шмат.
З 15 апытаных карэспандэнтам Еўрарадыё пасажыраў, толькі адзін за падаражанне. Мужчына едзе на цягніку ўпершыню, кошт лічыць невялікім.
“У межах 5 тысяч гэта было б не вельмі дорага. У параўнанні са звычайнымі электрычкамі, гэта, вядома, камфортней”.
У хуткаснай электрычцы ёсць правадніцы. Яны прадаюць квіткі. Дзяўчыны ўпэўніваюць Еўрарадыё, што даследаванне сапраўды праводзілася:
“Пасажырам давалі запаўняць анкеты. То бок анкетаванне праходзіла, не проста так пра гэта кажуць”.
Правадніца звяртае ўвагу на тое, што цягнік ніколі не бывае перапоўнены, а пасажыры часта скрыгочуць зубамі наконт кошту квітка ў тры тысячы.
Канцавая станцыя цягніка – “Беларусь”. Там ён стаіць каля 20 хвілін і рухаецца назад у Мінск.

Выпадкова сустракаю на станцыі жанчыну са Швейцарыі. Яна здымае на відэа электрычку для фірмы-вытворцы – швейцасркага прадпрыемства “Stadler”. Пытаюся, колькі каштуе квіток на такую электрычку ў Швейцарыі.
“Прамежак у 50 кіламетраў – 19 швейцарскіх франкаў. Амаль 19 еўра”.
Прамежак, які праязджае электрычка ад Мінска да Заслаўя удвая меншы – 26 кіламетраў. Хуткасны электрацягнік едзе да канцавой станцыі каля 40 хвілінаў, што толькі на 4 хвіліны хутчэй, чым звычайная электрычка. Чыгуначнікі запэўніваюць, што пакуль гэта тэставы рэжым, а ў верасні яна пачне ездзіць шпарчэй.