У Гродне судзяць журналіста Міхала Карневіча
Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. У судзе Ленінскага раёну абвясцілі перапынак да 16.00.
Міхал Карневіч — афіцыйна акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода. 3 ліпеня ён сачыў за “маўклівай акцыяй” на вуліцы Савецкай у Гродне. Журналіст цвердзіць, што стаяў збоку і проста рабіў фотаздымкі, а ў шэсці ўдзел не браў. Яго затрымалі, хоць ён і паказаў міліцыянтам сваю акрэдытацыю. Міхал распавёў, што зранку на судовым паседжанне яму паказалі відэа, дзе ён крыху мільгануў. Але на відэа бачна, што ён проста робіць здымкі.
Ужо некалькі журналістаў, якія асвятлялі “маўклівыя акцыі” у Беларусі, асуджаныя да розных тэрмінаў зняволення. Ігар Банцар, Алесь Асіпцоў і Алесь Дзянісаў атрымалі па 10 сутак арышту, Юры Гумянюк — 12 сутак, Андрэй Фралоў і Мікалай Дзятчэня — трое сутак. У Магілёве за “непадпарадкаванне міліцыі” на 6 сутак пасадзілі сябра Беларускай Асацыяцыі журналістаў Ганну Ільіну.