Цішчанка: Памежнікі могуць самі прымаць рашэнне — выпускаць ці не
Удзельнікаў акцыі ў Брузгах у спіс невыязных не ўнеслі, але памежнікі абяцаюць, што за мяжу гэтыя людзі ўсё адно не трапяць.
Удзельнікам акцыі ў Брузгах прысуды выносілі не ў судзе, а ў следчым ізалятары. Як стала вядома Еўрарадыё, два суддзі суда Гродзенскага раёна самі прыехалі да затрыманых і занялі два пакоі следчых для судовых працэсаў. Пра гэта паведаміў Сяргей, які атрымаў больш за 2,5 мільёна штрафу.
Сяргей: “Прыехала суддзя ў ізалятар часовага ўтрымання і там нас судзіла”.
Сяргею прысудзілі 2 мільёны 625 тысяч штрафу — 75 базавых. Па яго словах, 45 — за супраціў уладам і 30 — за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Суд і ўсе іншыя працэдуры праходзілі так хутка, што пакараным нават не выдалі копіі пратаколаў і прысуду, дадае ён.
Сяргей: “Копіі пратаколаў нават не выдалі. Мы падышлі да суддзі і запыталіся: “Копіі пратаколаў мы можам атрымаць?” А яна кажа: “Копіі вам павінны былі даць”. І тут высветлілася, што мы самі не дасачылі — нам давалі паперы на подпіс, мы іх падпісвалі-падпісвалі і, як патлумачыла суддзя, падпісалі, што мы атрымалі копію на рукі. Але нам яе не далі, бо адразу пасадзілі ў СІЗА, а па копіі прысуду суддзя сказала прыехаць у суд пазней”.
Але як высветлілася, штрафамі пакаранне і абмежавалася. Нягледзячы на абяцанні прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандра Цішчанкі зрабіць ўсіх актыўных ўдзельнікаў акцыі ў Брузгах “невыязнымі”, у прысудзе гэтага няма.
Сяргей: “Нам суддзя нічога не казаў наконт таго, што нас зрабілі невыязнымі. Толькі супрацоўнік КДБ казаў, што зараз нам на Польшчу дарога закрытая. Не казалі, што ездзіць мы не можам, але папярэдзілі, што будуць пільна правяраць менавіта нас. І што проста праехаць мяжу мы не зможам. Але такога, што не пусцяць, не казалі. Але, можа, і не пусцяць!”
Сапраўды, афіцыйных падставаў для ўнясення ўдзельнікаў акцыі ў Брузгах у спіс невыязных няма. На гэта звярнуў увагу нават начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
Аляксей Бягун: “Усе падставы для абмежавання права на выезд выкладзеныя ў законе . Калі не будзе рашэння суда, не будзе крымінальнай справы, то якое можа быць абмежаванне на выезд? Калі толькі яны будуць ухіляцца ад выплаты штрафу”.
Але ў памежнікаў свой погляд на гэта. Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, магчыма, што імі будзе прынятае рашэнне проста не выпускаць “парушальнікаў” з Беларусі. Без унясення іх у спісы невыязных. Законныя падставы, упэўнены ён, для гэтага ёсць. І рабіць памежнікі гэта могуць нават без усялякіх тлумачэнняў.
Аляксандр Цішчанка: “На дадзены момант працэдура яшчэ не завершаная — рашэнне па гэтым моманце яшчэ будзе прымацца. Але, тым не менш, хацеў бы адзначыць, што супрацоўнікі памежнай службы маюць права прымаць (асабіста) рашэнне на пропуск альбо няпропуск. Для гэтага ў нас ёсць закон “Аб дзяржаўнай мяжы”, “Аб органах памежнай службы”.
Праўда, Цішчанка не стаў называць артыкул, у адпаведнасці з якім памежнікі могуць самі выбіраць, каго прапускаць, а каго — не.
Аляксандр Цішчанка: “Мы арганізуем і адказваем за пропуск. І супрацоўнікі памежнага кантролю маюць права прымаць рашэнне. Давайце абмяжуемся тым, што мы пра гэта заявілі. Як мы гэта зробім — па гэтым будзе прынятае рашэнне”.
Пасля акцыі ў Брузгах і прысуду Сяргей яшчэ не спрабаваў выехаць у Польшчу. Таму не меў магчымасці праверыць — забаронены яму выезд ці не. На яго думку, калі нічога ў законах не зменіцца, ездзіць у Польшчу не будзе ніякай выгады. Сяргей не выключае, што зноў паўдзельнічае ў падобных акцыях, хоць і атрымаў папярэджанне, што за другі раз можа быць асуджаны паводле крымінальнага артыкулу.
Фота:http://belarmy.by/