Ці зарэгіструюць арганізацыю гомасэксуалаў у Беларусі?
У суботу, 15 кастрычніка, у Мінску пройдзе устаноўчы сход праваабарончай арганізацыі геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў “ГейБеларусь”.
Гэта першая спроба зарэгістраваць ЛГБТ-арганізацыю ў Беларусі ад красавіка 1999 года. Тады Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь не была зарэгістраваная “Ліга Лямбда”. Кіраўнік праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Сяргей Андросенка распавёў пра арганізацыю гей-беларусь і пра сёлетні гей-прайд.
Еўрарадыё: Якія мерапрыемствы запланаваныя на час гей-прайду? Што ўжо адбылося і што плануецца?
Сяргей Андросенка: У параўнанні з мінулым годам сёлетні гей-прайд проста неверагодны па маштабах. Як для Беларусі – гэта вельмі буйны форум. Ужо адбылася цырымонія урачыстага адкрыцця гей-прайда, адбылося два спектаклі Свабоднага тэатра ў падтрымку мінскага гей-прайда, прайшла прэзентацыя праекта “10 асобаў прайда”, дзе розныя людзі распавядаюць пра тое, чаму яны ідуць на гей-прайд. Сёння прайшла прэзентацыя вынікаў маніторынга “Дыскрымінацыя ЛГБТ ў Беларусі” для юрыстаў і праваабаронцаў, а таксама першая вечарына прайда, гэта забаўляльнае мерапрыемства для ЛГБТ-супольнасці і іх сяброў. Наперадзе ў нас у суботу устаноўчы сход праваабарончага праекта Гей-Беларусь, ужо ў панядзелак мы пададзім дакументы на рэгістрацыю ў міністэрства юстыцыі. На нядзелю запланаванае літаратурнае мерапрыемства Талерантныя чытанні і фільм пра гомасэксуальных жывёлаў “Жывёлы, падобныя на нас”, дзе распавядаецца, што больш за 450 відаў жывёл маюць гомасэксуальныя адносіны і сярод іх не заўважана такой з’явы як гомафобія. Праграму гей-прайда можна знайсці на сайце http://gaybelarus.by, там распісаныя ўсе мерапрыемствы.
Еўрарадыё: Раскажыце калі ласка падрабязней пра вынікі маніторынга.
Сяргей Андросенка: Я часта цешу сябе тым, што ў Беларусі гамафобіі не існуе, што ў нас добрыя паказчыкі і добрыя вынікі нашай дзейнасці. Але я адкрыты чалавек і жыву ў атачэнні сучасных людзей, у мяне добрыя сябры і знаёмыя, і я перастаю заўважаць гамафобію, якая ўсё ж уласцівая беларускаму грамадству. У нас вельмі часта здараюцца гамафобныя злачынствы, пра якія мы найчасцей нават не ведаем. Напрыклад, нядаўна ў смалявіцкім раёне на адной з вясковых дыскатэк быў забіты хлопец з-за таго, што паводзіў сябе і быў падобны на стэрэатыпнага гея. У прынцыпе гэта можна лічыць забойствам з-за гамафобнай нянавісці. Арганізуючы гей-прайд, я часта знаходжуся ў складаным псіхалагічным стане, бо гамафобы пішуць мне, запалохваюць, імкнуцца каб я спыніў сваю актыўнасць. Напрыклад, пагражаюць павесіць за тое, што я гей і магу быць сабой адкрыта. І сутыкаючыся з гэтым я разумею, што гамафобія ў Беларусі ёсць і трэба шукаць падтрымкі ў талерантных палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў.
Еўрарадыё: Гей-прайд для вас гэта пратэст, правакацыя ці сродак дасягнуць нейкай мэты?
Сяргей Андросенка: Гэта і пратэст, і правакацыя, і рэалізацыя ўласнага права на свабоду асацыяцый, сходаў і самавыражэння. Гей-прайд можна разглядаць па-рознаму. Гэта правакацыя для тых, хто лічыць, што гомасэксуальнасць гэта хвароба, збачэнства і ненармальнасць. Але гэта не праблема ЛГБТ-супольнасці, гэта праблема сістэмы, якая не адукавала людзей, не патлумачыла пра сэксуальную разнастайнасць. Для ЛГБТ-супольнасці гэта пратэст супраць гамафобіі. Хтосьці ідзе проста каб падтрымаць сяброў. Нават калі гэты гей-прайд забароняць, усё адно ў Беларусі ён непазбежны.
Еўрарадыё: Падчас арганізацыі гей-прайда былі нейкія перашкоды з боку ўладаў?
Сяргей Андросенка: На дадзены момант – не адчуваем ніякага ціску. Усе мерапрыемствы мы арганізуем не так адкрыта, як хацелася б, бо разумеем сацыяльна-палітычныя ўмовы і клімат у краіне. Штаб, дзе мы працуем зараз, гатовы ў любы момант да візіту кдб ці міліцыі, бо мы ведаем, што адбываецца ў краіне. Да гамафобных атак мы таксама гатовыя. Але пакуль ні першага ні другога не здарылася. Сёння чацверты дзень прайда з адзінаццаці. Праблемы могуць яшчэ ўзнікнуць. Калі мірна пройдуць устаноўчы сход, шэсце, іншыя мерапрыемствы, тады можна будзе даваць каментары.
Еўрарадыё: Можа проста ўлада становіцца менш гамафобнай?
Сяргей Андросенка: Я не магу гэтага сцвярджаць. Безумоўна, што палітычныя эліты, праваабаронцы, грамадскія эліты ведаюць пра наш рух. Гей-актывісты сустракаліся і ў судах з прадстаўнікамі выканкама. Зрух у галовах ужо адбываецца. Мінскі гей-прайд гэта форум адкрытасці. Гэта не папулярызацыя сваёй сэксуальнасці. Праз адкрытасць мы імкнемся распавесці пра сябе і расказаць пра разнастайнасць ЛГБТ-супольнасці.
Еўрарадыё: Чаго вы будзеце дамагацца стварэннем праваабарончага праекта Гей-Беларусь?
Сяргей Андросенка: Пра тое, чым будзе займацца арганізацыя, казаць пакуль што рана, таму што яна яшчэ не зарэгістраваная. Я чалавек прыземлены, першай мэтай з’яўляецца магчымасьць рэалізаваць сваю свабоду на асацыяцыі і мірныя сходы. Гэта базавыя правы, якія мы можам адваяваць. Пакуль мы не зможам карыстацца гэтымі правамі, мы не можам казаць пра прагрэс па іншых пытаннях, гэта будзе глупства і рамантыка.
Еўрарадыё: Колькі чалавек у вашай арганізацыі? І што вы будзеце рабіць, калі шэсце не дазволяць?
Сяргей Андросенка: Зараз у нашай арганізацыі 70 чалавек, гэта людзі ад 18 да 50 гадоў. Гэта няшмат у параўнанні з іншымі арганізацыямі, але гэта рэальныя людзі, якія хочуць спрыяць руху на талерантнасць. Калі шэсце будзе забароненае, будзе скліканы аргкамітэт і будзе вырашацца пытанне фармату мерапрыемства, улічваючы сацыяльна-палітычнае становішча ў краіне.