Ці выйграў бы Лукашэнка-2011 выбары ў Лукашэнкі ўзору 1994 году?

“Не. Таму што часы змяніліся. І той узор 1994 году, у які ўсё яшчэ гуляе Аляксандр Рыгоравіч, ён ужо не дзейнічае. І ён, дарэчы, сам гэта вельмі добра разумее… Шчырасці няма. У 1994 годзе ён падаваўся цалкам шчырым”, — сумна расказвае Еўрарадыё Аляксандр Фядута, які займаў не апошняе месца ў штабе маладога і энергічнага Лукашэнкі.
Еўрарадыё спытала яшчэ двух актыўных удзельнікаў той памятнай выбарчай кампаніі, якія шмат зрабілі для перамогі Лукашэнкі. Аказалася, што Аляксандр Фядута не адзіны ў сваім скептыцызме. І Анатоль Лябёдзька, і Сяргей Чалы лічаць, што сёння Рыгоравіч узору 1994 году шанцаў не мае. Хоць і ацэньваюць гэтая шанцы вельмі па-рознаму. Лябедзька лічыць, што малады Лукашэнка сёння набраў бы максімум 20%.
“Гэта складана. Але я думаю, што перамогай тут і не пахне. Наш выбаршчык стаў усё ж больш сур’ёзны, больш сур’ёзна ставіцца да праграмы, заяў. Ён не так лёгка рэагуе на словы. Больш скептычны. Вядома, у Аляксандра Лукашэнкі па сённяшняй сітуацыі 15-20% фанатаў клуба імя Лукашэнкі. Я думаю, ён бы і атрымаў гэтыя галасы”.

Эканаміст Сяргей Чалы таксама кажа, што ацаніць шанцы Лукашэнкі ўзору 1994 года на выбарах у сучаснай Беларусі, складана. Але лічыць, што малаверагодна.
“Ой… Цяжка сказаць. Гэта ж трэба разумець, што тады Лукашэнка быў прадуктам тагачаснага грамадства. І краіна за гэты час змянілася. Я думаю, што не. Усё ж народ стаў значна больш дарослым за гэты час. І даўно перарос практычна ўсіх сваіх палітыкаў”.

Тым не менш, Чалы дае Лукашэнку ажно 30%. З такімі паказчыкамі можна смела ўдзельнічаць у любых выбарах.
“Лукашэнка 1994 года гэта такі палітык без пэўных поглядаў, але вельмі добры аратар. Як паказвае практыка апошніх выбараў, той хто добра гаворыць не абавязкова шмат галасоў атрымоўвае. Усё ж такі цяпер спрабуюць прыслухоўвацца да зместу. Ну... Цяжка сказаць. Я думаю, што калі моцна пастарацца, то працэнтаў 30 мог бы набраць”.