Ці справакуе падвышэнне заробкаў наступны віток інфляцыйнай спіралі?

111101 Sverdlov Infljacija.mp3

За верасень сярэдні заробак беларусаў пераваліў за 2 мільёны рублёў. Ды што там: за адзін месяц беларусы пачалі зарабляць у сярэднім адразу на 267 тысяч рублёў больш!

Здаецца, гэта добрая навіна: беларусы цяпер зарабляюць на 13,4% больш, чым месяц таму. Але чаму тады і супрацоўнікі місіі МВФ, і беларускія эканамісты засцерагаюць беларускі ўрад ад падвышэння заробкаў?

“Сёння я б не стаў праводзіць індэксацыю заробкаў і іншымі шляхамі “ўкідваць” грошы ў спажывецкі сектар”, — кажа эканаміст Леанід Заіка.

“Стрымліванне росту заробкаў мае крытычнае значэнне. У звязку з гэтым мы рэкамендуем устрымацца ад далейшага падвышэння тарыфнай стаўкі першага разраду для працаўнікоў бюджэтнай сферы і дзяржаўных прадпрыемстваў”, — нібыта рэхам адгукаецца кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс.

Суразмоўцаў Еўрарадыё непакоіць уплыў росту заробкаў на рух беларускай эканомікі па так званай інфляцыйнай спіралі. А выглядае яна так:

— …заробкі гоняцца за інфляцыяй. Нагадаем, за студзень — верасень яна склала 74,5%, з іх 13,6% у верасні;

— дадатковы прыбытак людзі нясуць у крамы ці пераводзяць у долары;

— попыт на тавары і валюту, такім чынам, не падае, а, наадварот, падвышаецца;

— у выніку тавары і валюта растуць у кошце;

— інфляцыя гоніцца за заробкамі;

— заробкі гоняцца за інфляцыяй…

І так да бясконцасці.

Але далёка не ўсе эканамісты глядзяць на рост заробкаў як на патэнцыйную крыніцу небяспекі. Акадэмік НАН Беларусі Пётр Нікіценка лічыць яго абсалютнай неабходнасцю.

Пётр Нікіценка: “Рост заробкаў — гэта рост сукупнага попыту, пакупніцкага попыту. Вы ж паглядзіце, людзі сёння не могуць набыць больш-менш нармальныя прадукты харчавання! І другое: улічвайце, што калі мы зараз не будзем падвышаць кошты (а разам з імі і заробкі, і пенсіі, і стыпендыі), з прылаўкаў нашых крамаў “вымыюцца” ўсе тавары! Бо ў краінах, суседніх з нашай, кошты на тыя ж самыя прадукты вышэйшыя!”

Эканаміст упэўнены: вучэнне пра тое, што заробкі могуць расці толькі ў тым выпадку, калі адпаведны рост “паказвае” матэрыяльная вытворчасць, безнадзейна састарэла:

Пётр Нікіценка: “У нас зараз так: калі журналіст трактароў не вырабляе — значыць, яго праца ў валавым унутраным прадукце не ўлічваецца. Але хіба можна не ўлічваць ролю прэсы ў тым, колькі каштуюць беларускія трактары? Настаўнікі, напрыклад, выконваюць дзяржаўны заказ на ўзнаўленне чалавека. Гэта таксама пэўнага кшталту вытворчасць. Дык чаму мы праз нейкую пралетарскую інэрцыю працягваем лічыць бюджэтнікаў утрыманцамі?”

Думкі, што рост заробкаў прыводзіць да росту інфляцыі далёка не заўжды, прытрымліваецца фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб: “Прыбыткі насельніцтва могуць расці. Але нельга, каб рост заробкаў апярэджваў рост вытворчасці. Бо заўжды на адной чашы вагаў уся сума тавараў, а на іншай — уся сума грошай. Калі тавараў засталося столькі, колькі было, а колькасць грошай вырасла, дык вырасце і кошт на гэтыя тавары. То бок, будзе інфляцыя”.

Іншы выпадак — калі эканоміка “зарабіла” падвышэнне заробкаў. Ці адбыўся такі рост беларускай эканомікі ў верасні? Белстат паведамляе, што ў параўнанні са жніўнем рост прадукцыі прамысловасці склаў 1,1%. Пры гэтым аб’ём наяўных беларускіх рублёў у абарачэнні, паводле звестак Нацбанка, за верасень павялічыўся крыху больш чым на 1 трыльён рублёў.

“Калі мы працавалі як працавалі, але папросту надрукавалі і раздалі грошай — большаму аб’ёму грошай не супрацьстаіць большы аб’ём таварнай масы. У гэтым выпадку кошты на тавары вырастуць. У гэтым выпадку будзе інфляцыя”, — працягвае Вадзім Іосуб.

Заробкі ў Беларусі працягваюць расці. 1 кастрычніка тарыфная стаўка першага разрада ўзрасла на 28%, да 151 тысячы рублёў. Працягвае расці і інфляцыя. Згодна са звесткамі Белстата, за 25 дзён кастрычніка яна склала 7,2%, а за астатні тыдзень можа “дарасці” да 10%.