Ці “пасябруюць” мясцовыя ўлады з трэцім сектарам за 2 мільёны еўра?
Еўрасаюз працягвае выдаткоўваць мільёны еўра на розныя праекты ў Беларусі.
Еўрасаюз працягвае выдаткоўваць мільёны еўра на розныя праекты ў нашай краіне. 11 траўня Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі праінфармавала: пачынаецца новы конкурс праектных прапаноў па праграме “Недзяржаўныя структуры і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасці па развіцці”. Бюджэт конкурсу — 2 мільёны 250 тысяч еўра.
Фінансуюцца праграмы не толькі недзяржаўных арганізацый, але і мясцовых уладаў. Праўда, праектам НДА ўсё ж аддаецца перавага, папярэджвае кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора.
Майра Мора: “Так званыя недзяржаўныя партнёры з’яўляюцца прывілеяванымі партнёрамі Еўрасаюза і асноўнымі атрымальнікамі гэтых тэматычных праграм. Для Еўрапейскага саюза падтрымка недзяржаўных структур і мясцовых улад азначае павелічэнне мясцовага ўдзелу ў працэсах развіцця на дзяржаўным і мясцовым узроўні”.

З-за таго, што ў мінулыя гады мясцовыя ўлады амаль не ўдзельнічалі ў праграмах ЕС, сёлетні бюджэт падзелены не на іх карысць: 2 мільёны еўра — для недзяржаўных арганізацый, 250 тысяч — для праектаў мясцовых уладаў.
“Калі браць статыстыку папярэдняга конкурсу, то бачна, што цікавасць да яго з боку мясцовых органаў улады была невялікай. Магчыма, яна і была вялікай, але па нейкіх прычынах органы мясцовай улады альбо не змаглі, альбо не здолелі падаць заяўкі ў гэтую праграму. З гэтым звязаны і памер бюджэту, які прапаноўваецца ў гэтай праграме для мясцовых органаў улады”, — тлумачыць слабую актыўнасць уладаў выканаўчы дырэктар Нацыянальнага каардынацыйнага бюро праграм тэхнічнай дапамогі ЕС пры Савеце міністраў Дзмітрый Беразоўскі.

Дзяржаўны “куратар” праграм ЕС для Беларусі сцвярджае, што палітыка ці перасцярога мясцовых чыноўнікаў да прапаноў з боку ЕС тут ні пры чым — хутчэй, у райвыканкамах няма інфармацыі наконт праектаў і спецыялістаў па іх напісанні.
Праўда, Яніс Айзсалніекс з Прадстаўніцтва ЕС супакойвае: калі чыноўнікі выканкамаў гэтым разам праявяць актыўнасць і падрыхтуюць шмат цікавых праектаў, то бюджэт могуць і павялічыць.
Яніс Айзсалніекс: “Мы спадзяемся ўбачыць большую цікаўнасць з боку органаў мясцовай улады да падачы заявак, да супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі. Бо, нягледзячы на тое, што прапанаваны аб’ём фінансавання ў той частцы, дзе могуць падаваць заяўкі органы мясцовай улады, на дадзены момант нязначны, але большая актыўнасць дазволіла б нам павялічыць гэтую частку фінансавання”.

Дарэчы, на інфармацыйнай сустрэчы нікога з прадстаўнікоў райвыканкамаў не было. Але і прадстаўнікі НДА выходзілі ў развагах: браць удзел ці не? Да прыкладу, Уладзімір Нісцюк з “Асацыяцыі аднаўляльнай энергетыкі” звярнуў увагу на пэўныя складанасці: праект беларускага НДА фінансуецца Еўрасаюзам максімум на 90%, дзясятую частку трэба шукаць самому. І калі праект каштуе 100 тысяч еўра — 10 трэба яшчэ недзе адшукаць.
Уладзімір Нісцюк: “Нашы грамадскія аб’яднанні, аб’яднанні грамадзян, рэальным фінансавым рэсурсам, нават у памеры 10 тысяч еўра, не валодаюць, бо жывуць толькі за кошт унёсак сваіх сябраў. А ўнёскі гэтыя мінімальныя”.

За папярэднія 5 гадоў Прадстаўніцтва ЕС правяло чатыры конкурсы заявак па гэтай праграме. Для фінансавання былі абраныя 38 праектаў, на якія ЕС выдаткаваў 7 мільёнаў 200 тысяч еўра. Напрыклад, на леташнім конкурсе заяў выйграў праект "Распрацоўка стратэгіі інтэграванага кіравання цвёрдымі камунальнымі адкідамі для ўстойлівага развіцця Мінскай вобласці", на рэалізацыю якога эколагам выдзелілі 300 тысяч еўра.
Фота: Змітра Лукашука