Ці можна здымаць і запісваць гук у кабінетах чыноўнікаў?

120202 Svjardlou Kabinet.mp3

Мінюст лічыць, што грамадзяне не маюць права карыстацца відэа- і аўдыётэхнікай падчас прыёму ў дзяржаўных органах. Прынамсі, такое меркаванне падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску агучыла намміністра юстыцыі Ала Бадак.

“Закон “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, які набыў моц 22 студзеня, не ўтрымлівае нормаў, якія літаральна рэгламентуюць гэтае пытанне, — грувасткім канцылярытам выказалася чыноўніца. — Але асабіста я лічу, што грамадзянін не можа карыстацца тэхнікай”.

“Я там [у законе] сапраўды не знайшоў ніякіх абмежаванняў на гэты конт. Але ў маёй юрыдычнай практыцы быў такі выпадак: дырэктар школы сваім загадам забараніў выкарыстоўваць відэа- і аўдыётэхніку. На яго падалі ў суд, але адказ быў такі: установа мае права прыняць такое рашэнне”, – каментуе выказванне Алы Бадак юрыст Алег Граблеўскі.

Вельмі часта на ўваходзе ў буйныя крамы мы бачым перакрэсленыя выявы фотаапарата ці відэакамеры. Гэта значыць, што ўласнікі крамы лічаць яе сваёй прыватнай прасторай. Але ці з’яўляецца такой прасторай, напрыклад, кабінет намміністра юстыцыі Алы Бадак, дзе чыноўніца вядзе прыём грамадзянаў?

“Калі яны на тэрыторыі свайго міністэрства забароняць фатаграфаваць, на маю думку, гэта будзе неправамерна. Гэта будзе незаконнае абмежаванне права грамадзянаў на збор інфармацыі”, — тлумачыць Еўрарадыё юрыст адной са сталічных юрыдычных кантор.

Праваабаронцы настойваюць на праве беларусаў “на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, сапраўднай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў”, гарантаваным 34-м артыкулам Канстытуцыі.

У дадатак, пра канцы 2008 года быў прыняты Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Згодна з 16-м артыкулам гэтага дакумента, доступ да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў абмяжоўвацца не можа.

“Гэта не зусім так: доступ да такой інфармацыі ў пэўных выпадках можна абмежаваць. Але не ніжэй, як на ўзроўні закона. Бо менавіта на такім узроўні занатавана, што гэтая інфармацыя свабодная”, – каментуе юрыст. Яго калега з іншай юрыдычнай кансультацыі дадае:

“Забаронена гэта толькі тады, калі гэта абмяжоўвае нечыя правы і свабоды. У першую чаргу — права на асабістае жыццё. Таксама забаронена, калі гаворка ідзе пра інтарэсы і сакрэты, якія ахоўвае дзяржава”.

Але складана ўявіць, што падчас асабістага прыёму чыноўнік будзе дзяліцца з грамадзянамі дзяржаўнымі таямніцамі!

Закона, які б забараняў беларусам здымаць у грамадскіх месцах, не існуе, сцвярджае Алег Граблеўскі. Пытанне, такім чынам, у тым, ці з’яўляецца грамадскім месцам кабінет чыноўніка. Юрысты адназначна адказваюць, што так.

“Кабінет дзяржаўнага служачага, чыноўніка не з’яўляецца яго асабістым месцам. На яго тайна асабістага жыцця не распаўсюджваецца. Тут чыноўнік мае права патрабаваць ці забараняць толькі тое, што прадугледжана заканадаўствам”.

Тым часам сама Ала Бадак зазначае, што закон аб зваротах грамадзянаў фота-, відэаздымкі і аўдыёзапіс не забараняе.

Што праўда, у некаторых грамадскіх месцах карыстацца фотаапаратамі і відэатэхнікай усё ж забаронена. Напрыклад, у архівах і ў чытальных залах, дзе “капіяванне тэхнічнымі сродкамі карыстальнікаў… адбываецца толькі з дазволу кіраўніцтва архіваў у іх памяшканнях і пад кантролем супрацоўнікаў чытальных залаў”.