Трэнер Мірнага: 95%, што Макс будзе на Алімпіядзе!
Па словах Мікалая Мірнага, Макс трапіць на гульні ў Лондан, нават калі не згуляе да чэрвеня больш ніводнай гульні.
Яшчэ ўлетку Максім Мірны казаў, што марыць пра Алімпійскія гульні. На думку Мікалая Мірнага, бацькі і трэнера тэнісіста, з верагоднасцю ў 95% Макс будзе гуляць на Алімпіядзе.
Мірны: “Сістэма такая: трэба яму да 10 чэрвеня быць як мінімум 10-м у свеце, каб ён меў права любога з нашай краіны ўзяць сабе ў пару. Па тых падліках, якія вяду я, ён не спусціцца ніжэй за 10-11 месца, нават калі да чэрвеня не згуляе больш ніводнай гульні”.
Партнёра Макс Мірны выбірае “з двух кандыдатаў”, імёны якіх трэнер вырашыў не называць. Але раней сам тэнісіст казаў, што з задавальненнем згуляў бы ў пары з Уладзімірам Ігнацікам.
Што да мікста — выступу ў змяшанай пары — дык, па словах Мікалая Мірнага, дамоўленасць з Вікторыяй Азаранкай застаецца ў сіле.
Макс Мірны займае трэці радок у парным рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP). Дарэчы, 6 ліпеня 2012 года тэнісісту споўніцца 35 гадоў.