Алег Знарок — пра Пінск, Мінск, Маскву і Дубай

120305 Svjardlou Dinamo.mp3

Разгром у чатырох матчах, якім скончылася сустрэча мінскага і маскоўскага “Дынама” у плэй-оф КХЛ, называе нечаканым нават трэнер масквічоў Алег Знарок.

“Я не спадзяваўся, што так атрымаецца. Разлічваў на цяжкую барацьбу”, — нешматслоўна каментуе свой поспех спецыяліст.

Алег Знарок

Летась мінскае “Дынама” паехала рыхтавацца да сезона КХЛ у Швейцарыю. Маскоўскія хакеісты тым часам трэніраваліся… у Пінску! Таму зараз мы як бы незнарок пытаемся ў Алега Знарка, дзе маскоўскія хакеісты праводзілі падрыхтоўку да плэй-оф КХЛ.

“Я так думаю, вы хочаце напісаць, што мінскія “дынамаўцы” ездзілі на зборы ў Эміраты? — адразу раскусіў нас маскоўскі трэнер. — Я не магу сказаць, правільна гэта ці не. Не яны адны туды ездзілі… Я таксама, можа, у Дубай з’ездзіў бы!”.

Маскоўскае “Дынама” такую камандыроўку сабе не дазволіла і рыхтавалася да матчаў плэй-оф… дома ў Маскве.

“Я не лічу збор у Дубаі памылкай, — заступаецца за кіраўніцтва мінскага “Дынама” хакейны аглядальнік сайта Goals.by Іван Грунтаў. — Пасля новага года гульня каманды пакідала жадаць лепшага, таму быў выбар: ці даць ім гульнявую практыку ў зборных, ці сабраць разам, рэзка змяніць асяродак і падцягнуць іх фізічныя кандыцыі, каб нешта выправіць. Кіраўніцтва клуба пайшло па шляху паездкі ў Эміраты”.

Рашэнне спрэчнае, а вынікі сумныя. Мінскае “Дынама” прайграе 4 матчы запар, і барацьбу за “Кубак Гагарына” працягваюць масквічы. Трэнер “Дынама” (Мінск) Марэк Сікора падае ў адстаўку і абвяшчае пра заканчэнне кар’еры. А трэнер пераможцаў кажа, што ні за што не прамяняе маскоўскае “Дынама” на іншы клуб:

Алег Знарок: “Я задаволены сваёй працай. Я задаволены камандай “Дынама” (Масква). Лічу, што працую ў вялікім клубе, калісьці я пра гэта не мог нават марыць. Таму… я шчаслівы чалавек”.

Дарэчы, Алег Знарок кажа, што канфлікт паміж ім і форвардам мінскага “Дынама” Джэфам Платам вычарпаны. Нагадаем, вяртаючыся з размінкі перад другім матчам плэй-оф, новы беларус выпадкова ці наўмысна зачапіў трэнера клюшкай. Знарок не сцярпеў гэтага і кінуўся ў бойку, спыніць якую змагла толькі ахова “Лужнікоў”.

Алег Знарок: “Я мог бы раздзьмуць гэтую сітуацыю, калі б захацеў. Але я сам былы хакеіст, добра разумею, якія эмоцыі кіпяць перад гульнёй. Плат павёў сябе дрэнна, гульцу не варта так сябе паводзіць. Але ён прынёс мне прабачэнні, якія я прыняў”.

Фота: max-li.livejournal.com.