Трактары запраўляюць крэдытамі пад 5%

Калгасам трэба 443 мільёны долараў, каб заправіць тэхніку. Пра гэта гаворыць намеснік міністра сельскай гаспадаркі Леанід Марыніч. І дзе калгасы знойдуць такія сродкі?

“Мы бярэм крэдыты ў банку і набываем паліва”, - прызнаецца аграном з калгасу “Зара” Магілёўскай вобласці. Крэдыты калгасам даюць ільготныя, пад 5%.

У гаспадарцы “Чырвоны маяк”, што ў Гомельскай вобласці таксама запраўляюцца крэдытамі. Праўда, суразмоўца Еўрарадыё, не здолеў прыгадаць адсотак.

“Малы адсотак. Дзяржава вельмі моцна дапамагае. Пытанняў няма, дапамога агромістая”.


А вось у калгасе “імя Леніна”, што ў Магілёўскай вобласці, праблему запраўкі тэхнікі з сябе… знялі.

“Нас зараз Горацкая аграпрамтэхніка забяспечвае ўсім палівам, таму праблем няма. Мы да іх далучаныя”, - распавядаюць у калгасе.

У калгасе “імя Неўскага” Магілёўскай вобласці апошні “паліўны” крэдыт пад 5% бралі ў красавіку. Агулам на год калгасу трэба біяпаліва і дызпаліва прыкладна 1014 тон.

“У асноўным, мы бія (біядызпаліва) выкарыстоўваем. Калі няма бія, тады ўжо звычайнае паліва запраўляем. Але ў асноўным, 80% гэта біяпаліва”, - запэўнівае бухгалтарка.

Біяпаліва – гэта дызпаліва з 5% доляй метылавых эфіраў з рапсавага алею. Такое паліва для калгасаў каштуе 3140 рублёў за літр.

Да таго, Нафтабазы робяць зніжку на паліва для калгасаў:

“Дызпаліва па 4287 рублёў для калгасаў, а біяпаліва не пераацэньвалася, так і засталося - 3140 за літр”, - распавядае супрацоўніца нафтабазы “Аграсервіс”, што ў Шклове.

А вось на звычайнай запраўцы дызпаліва каштуе 4450 за літр. То бок калгасы эканомяць па 160 рублёў на кожным літры. Гэтая зніжка тычыцца ўсіх калгасаў без выключэння. Дарэчы, да падвышэння коштаў дызпаліва для калгасаў каштавала 3678 рублёў.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Еўрарадыё паведамілі, што на сёння бясплатнага паліва калгасы не маюць. Адзінае, на што калгасы могуць спадзявацца - крэдыт пад невысокія адсоткі.

Дарэчы, паводле Белстату, доля стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на 1 квартал 2011 года складае толькі 1,6 % ад агульнай іх колькасці.

Фота: snov.by