Тэракт-2011: кроў, шок і масавая дактыласкапія
Еўрарадыё працягвае прыгадваць самыя значныя падзеі мінулага года
Тэрарысты для Беларусі — гэта не толькі міфічныя барадатыя злодзеі ў кінабаявіках ці замежных навінах. Выбух у мінскім метро 11 красавіка пазбавіў жыцця 15 чалавек, больш за 200 пацярпелі і стаў шокам для мільёнаў беларусаў.
Пасля самога выбуху падзеі развіваліся імкліва: ужо праз 40 хвілін на месцы тэракта быў кіраўнік краіны з малодшым сынам, на наступны дзень байцы “Алмаза” схапілі двух падазраваных, яшчэ праз дзень яны прызналіся ў здзяйсненні крывавага злачынства, а ў краіне з патройным імпэтам распачалася кампанія па зборы адбіткаў пальцаў. Апазіцыя -- у чаканні новых рэпрэсій.
Следства па справе тэрарыстаў цягнулася некалькі месяцаў і падрыхтавала шмат сюрпрызаў. Для кіраўніка краіны сюрпрызам стала тое, што “пятая калона” да тэракту ніякіх адносінаў не мела, а для следства — што затрыманыя мелі адносіны не толькі да тэракту ў метро, але і да выбуху ў сталіцы ў 2008 годзе і да шэрагу выбухаў у Віцебску.
Але найбольш сюрпрызаў займела грамадства. Найперш, сам выбух — беларусы не ведалі, што такое магчыма ў нашай краіне. Потым — што яны, нягледзячы на жахлівую колькасць загінулых і пацярпелых ад выбуху, супраць смяротнага пакарання Кавалёву і Канавалаву. Больш за 175 тысяч подпісаў з гэтай нагоды было перададзена ў прэзідэнцкую адміністрацыю. Высветлілася — шмат хто не давярае следству і суду. І нават маці аднаго з абвінавачаных, Любоў Кавалёва, працяглы час жыла ў кватэры ў аднаго з пацярпелых ад тэракту.
І нават тое, што яшчэ да абвяшчэння прысуду кіраўнік краіны ўзнагародзіў сілавікоў за паспяховае раскрыццё тэракту ў метро, не схіліла шалі грамадскага недаверу на карысць абвінаваўчага боку.
Прысуд — смяротнае пакаранне. Абодвум. Аднаму за тое, што падрыхтаваў і здзейсніў тэракт, другому — за тое, што паднёс сумку “галоўнага тэрарыста” і даў яму пакарыстацца сваім тэлефонам.
І суддзя нават не звярнуў увагі ні на заявы Кавалёва, што прызнанні з яго “выбіваліся”, ні на адмову сваёй віны падчас апошняга слова ў судзе.
Такі суд і такі прысуд двум віцебскім хлопцам з новай сілай аднавіў спрэчкі наконт неабходнасці адмены ў краіне смяротнага пакарання. І праваахоўным органам дазволіў з новым імпэтам пачаць збіраць ва ўсіх ваеннаабавязаных адбіткі пальцаў. Справа пачала рухацца так шпарка, што на пачатку снежня не дактыласкапаванымі засталіся толькі 30 тысяч беларусаў. Апроч гэтага, заканадаўства папоўнілася законам “Аб дактыласкапічнай рэгістрацыі”, а бюджэт — штрафамі за адмову здаваць адбіткі пальца. Праўда, фармулюецца гэтая адмова чамусьці “непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі” — але гэта нюансы...