Тэатральны фэст “Непратаптаны шлях” у Брэсце застаўся міжнародным
Больш за палову патрэбных на яго правядзенне грошай вылучыў мабільны аператар МТС.
Удзел у фестывалі ўзялі 10 тэатраў з Беларусі, Украіны, Расіі і Літвы. Каардынатар праекта Міхал Станоўскі з Любліна сказаў: "Гэты праект супольны, у Польшчы ён існуе ўжо 21 год, ва Ўкраіне сёлета адзначалі яго дзесяцігоддзе, а ў Беларусі ён сёмы раз. Існуе дзве лініі: ці лічыць такія тэатры справай мастацтва, ці гэта тэрапія для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы хочам іх спалучэння. Як я назіраю, дык з кожным годам назіраецца развіццё".
У Люблінскім ваяводстве сорак такіх тэатраў, кажа Станоўскі, і ўсё адно на спектаклі мала ходзіць публіка.
У Брэсце амаль не было гледачоў, бо не хапіла грошай на афішы. А студэнты і школьнікі параз’язджаліся да бацькоў і з бацькамі на лецішчы. Так патлумачыў сітуацыю арганізатар фестывалю, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Інвалід і асяродак” Іван Шмыга. Ён асабліва падзякаваў МТС за 5 мільёнаў рублёў, без якіх фестываль страціў бы статус міжнароднага.
Прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі фестываля. Дыплом “За тэрапеўтычны эфект” уручылі тэатру з Баранавічаў “Дом надзеі” за спектакль “Муха-цакатуха”.