“Сярод нас у аўтазаку быў iнвалід хворы на рак”

Станіслаў Арсоба: Мяне адпусцілі праз 3 гадзіны. Ніякага пратаколу не складалі. Затрымалі на Нямізе. Я стаяў каля царквы, калі пад’ехаў аўтобус са спецназам, і яны пачалі лавіць людзей. Я стаў далёка і пачаў гэта здымаць. Падняўся наверх, там, дзе затрымлівалі аднаго хлапца. Да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі з камерай, зняў мяне, паклікаў іншага і сказаў: “Яго таксама”. Мяне зацягнулі ў аўтобус, адфарматавалі флэш-карту ў тэлефоне і павезлі.

Прывезлі у РАУС, усіх пастроілі. Неяк выпадкова выбралі 8 чалавек, нас пачалі адводзіць, і я пачуў, як супрацоўнік казаў: “Ну, а ім дробнае”. Тым, хто застаўся. Я так разумею, што мелася на ўвазе дробнае хуліганства. Якім чынам яны выбіралі, каму даваць штраф, а каму не, мне незразумела. Нас завялі ў кабінет. Мы проста сядзелі. Яны паўгадзіны хадзілі, пэўна, думалі, што рабіць. Пасля прыйшоў нейкі лейтэнант, правёў апытанне. Адкаталі пальчыкі, сфатаграфавалі і адпусцілі. І сказалі, што наступны раз будзе 15 сутак”.

Еўрарадыё: Падчас затрымання не білі, не пагражалі?

Арсоба: “Мяне не. Толькі руку заламалі і кінулі ў аўтобус. У аўтобусе быў адзін хлопец, яго ўжо пасля мяне завялі. У яго рак і ў яго валасы выпалі і спецназаўцы пачалі казаць: “Ну, хто там скінхэд?”. Пачалі да яго падыходзіць, ён спалоханы дастаў пасведчанне, што інвалід другой групы. Калі б не гэта пасведчанне, то я не ведаю, што было б."

Еўрарадыё: Калі ён паказаў пасведчанне, што яму сказалі?

Арсоба: “Перапалохаліся. Усадзілі яго нават, бо стаяў. Калі мяне ўжо завялі ў аўтобус, дзверы адкрывалі і іншых заводзілі і кожнага, хто заходзіў — яго па галаве білі рукой ў скураных гэтых пальчатках”.

Еўрарадыё: Ці былі ў вашым аўтазаку затрыманыя дзяўчаты?

Арсоба: “Трое дзяўчат было. Адна дзяўчына — з Нямігі, можа бачылі, там хлопец на барабане граў і яна там была. У руцэ ў яе клок валасоў быў... Відавочна, што не сама выдрала”.

Еўрарадыё: Ці ўдзельнічалі вы раней у акцыях?

Ароба: “Так, я быў і 15-га. Напэўна, наступны раз таксама пайду”.