Сярэдні чэк у рэстаране вырас у 1,5-2 разы
А некаторыя стравы пачалі знікаць, бо па такіх цэнах іх ніхто не купляе.
“Дарада с з кактэйлям з морапрадуктаў каштуе 275 170 рублёў, філе ялавічыны з корачкай з пармезану і тартарам з баклажанаў — 182 тысячы”, — агучваюць кошты ў рэстаране “Пяючыя фантаны”. З вясны кошты тут падраслі значна.
“Гляджу цяпер, што кошты на стравы выраслі ў два разы. Адпаведна, і сярэдні чэк на чалавека вырас ў два разы”, — прызнаецца супрацоўніца ўстановы.
У рэстаране “Newman”, які на Нямізе, тлумачаць, што беларускую ялавічыну цяпер купляць нявыгадна, бо каштуе шмат. Замест яе можна купляць… амерыканскую.
“Беларуская ялавічына вырасла ў кошце, цяпер выгадней прадаваць амерыканскую. З Расіі яе прывозяць фірмы. А беларускай выразкі наогул цяпер не знайсці”.
Супрацоўнік рэстарана зважае, што з вясны кошты выраслі ў два разы, а сярэдні чэк — аж у 2,5. Але прадукты не прападаюць, бо сыравіну ўсё ж такі ўдаецца адшукаць. Праўда, знікаюць стравы, якія нельга прадаць з-за высокай цаны, сфармаванай пастаўшчыкамі.
У рэстаране “Камяніца”, што на вуліцы Першамайскай, мясныя стравы ў цане змяніліся не так значна.
“На тысяч 5-7 у параўнанні з красавіком. У межах 10 тысяч, не больш. Наогул мяса ўвесь час даражэе, гародніна не так”.
Змяніўся ў гэтай кавярні і сярэдні чэк. З красавіка ён вырас на 50 тысяч рублёў.
“Было каля 80 тысяч, а стала 130 на чалавека. Гэта разам са спіртным”.
У рэстаране “In Vino”, што па вуліцы Веры Харужай, новыя кошты у меню з’явіліся 15 жніўня — у панядзелак.
“Бараніна на костцы — 92 тысячы, медальёны з свініны 59 тысяч, стэйкі з ялавічыны 79 тысяч. Кошты змяніліся не моцна — падняліся на тысяч 10-12”.
Рэстаран “Сем пакояў” на праспекце Машэрава таксама ўзняў кошты на свае мясныя стравы. Адміністрацыя звязвае гэта з падаражэннем сыравіны — свініны і ялавічыны.
“Выраслі, натуральна. На стэйкі, на мяса, на добрую рыбу”.
Затое ў сталічнай "Чабурэчнай", што поруч з праспектам Незалежнасці, кошты на чабурэкі ўражваюць. Удзень адзін чабурэк тут каштуе 2620 рублёў. Праўда, увечары кошты змяняюцца: два чабурэкі можна набыць толькі за 15 тысяч.
"Цікава, а ці вырастуць кошты на стравы ў сталічных рэстаранах яшчэ раз?" — пытаемся ў "Планеце сушы".
“Мяркую, з наступнага месяца ці з наступнага тыдня мы будзем атрымоўваць тавар па новых коштах і тады будзем рэагаваць”, — кажа супрацоўніца.
Фота: tkdialog.ru