Супрацоўніца банка: Людзі ў скаргах пішуць абы-што

Нягледзячы на тое, што курс пакупкі долара пераваліў за 5 тысяч, валюты ў абменных пунктах ад гэтага не паболела. Еўрарадыё даведалася, што пішуць людзі з гэтай нагоды ў Кнігу скаргаў і прапаноў.

Супрацоўніца філіяла “Аграпрамбанка” на вуліцы Карла Маркса Валянціна Даўгова расказала, што кнігу гэтую ў іх патрабуюць мінімум раз на два тыдні. І часцей — каб напісаць… падзяку. Але і на праблемы з валютай таксама скардзяцца.

Валянціна Даўгова: “Задавалі пытанні: “Чаму не прадаем?”. Мы спасылаліся на пэўныя дакументы і ўсё. Але і гэта было толькі адзін ці два разы”.




Нічога наконт адсутнасці валюты не пісалі і ў Кнігу скаргаў аддзялення “Беларусбанка” па суседстве. Паводле загадчыцы аддзялення Тэрэсы Скарыны, усе прэтэнзіі кліентаў яны імкнуцца вырашыць тлумачальнымі размовамі — каб не дайшло да запісаў.

Тэрэса Скарына: “Мы стараліся ўсім растлумачыць, што склалася часова такая сітуацыя. І хто хацеў набыць — вось і сёння адна жанчына сядзіць у зале — калі каму патрэбна гэта валюта, мы просім пачакаць троху, набрацца цярпення, каб набыць яе. Мы выслухоўваем, натуральна, усе нараканні, але, тым не менш, разумеем, што ад гэтага не сысці і што трэба быць больш цярплівымі”.

Затое, кажа, часта пішуць скаргі з нагоды таго, што не ўсе арганізацыі заключаюць пагадненні з банкам на прыняцце на іх карысць плацяжоў. І за пералічэнне плацяжоў такім арганізацыям  банк бярэ камісію — 2% ад сумы. Гэта, да прыкладу, тычыцца забудоўшчыкаў. Сумы ж на будаўніцтва кватэры пералічваюцца салідныя, і 2% — добрыя грошы. А людзі чамусьці скардзяцца на банк, здзіўляецца суразмоўца Еўрарадыё.



Іншая сітуацыя — у аддзяленні “Беларусбанка” на чыгуначным вакзале. Там з нагоды адсутнасці валюты Кнігу скаргаў патрабуюць рэгулярна, кажа адміністратар Таццяна Філіповіч.

Таццяна Філіповіч: “Пасля таго, як Нацбанк усталяваў курс продажу долара 4930 — пытаюцца часта (Кнігу скаргаў — Еўрарадыё)”.Пасля таго, як Нацбанк усталяваў курс продажу долара 4930 — Кнігу скаргаў просяць часта

Еўрарадыё: “І што найчасцей пішуць?”

Таццяна Філіповіч: “Калі шчыра, людзі не могуць нармальна сфармуляваць свае думкі. Таму і пішуць абы-што: абвінавачваюць банк, канкрэтна касіраў і адміністратара банка ў тым, што ў наяўнасці ў нас няма долара, еўра і расійскага рубля”.




Сфатаграфаваць запісы адміністратар не дазволіла, але прачытаць дала. Там сапраўды прысутнічаў, да прыкладу, такі запіс: “Растлумачце, чаму ў продажы няма долараў ЗША. На гэта што, ёсць нейкі загад Нацбанка?”. Як адзначае адміністратар, абураныя кліенты часам дазваляюць сабе грубыя абразы касіраў. Што заканчваецца сустрэчай з міліцыянерамі і складаннем пратакола.

Таццяна Філіповіч: “Даходзіць да абразаў касіраў, ахоўнікаў і адміністратараў”.

Еўрарадыё: “Можа, нават даводзілася міліцыю выклікаць?”

Таццяна Філіповіч: “Міліцыя тут у нас патрулюе кожныя 5 хвілін, таму яны становяцца сведкамі такой сітуацыі. Забіраюць людзей, складаюць пратаколы і выпісваюць адміністрацыйныя штрафы”.

А вось касір Сяргей з абменніка БПС-Банка на тым жа вакзале кажа, што яму наконт валютных праблем ніводнай скаргі не напісалі.

Сяргей: “Людзі абураліся, але да скаргаў не даходзіла. Бо які сэнс гэта пісаць? Валюта ад гэтага не з’явіцца. Наадварот — спрабавалі ўпрасіць касіра прадаць ім валюту, але ж касір яе не намалюе!”




Але таксама прызнаўся, што выслухоўваць ад кліентаў даводзіцца шмат непрыемнага.

Фота: Змітра Лукашука и gettyimages.com