Суддзя: Толькі канфіскацыя — іншы варыянт немагчымы

Адсутнасць у абменніках долараў і еўра спарадзіла валютчыкаў. Ці проста тых, каму валюта патрэбная і яны вымушаныя набываць яе ў тых, у каго яна ёсць. У адказ пачала з’яўляцца інфармацыя пра затрыманні за “незаконныя валютныя аперацыі”.


Як паведаміў Еўрарадыё начальнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Рэчыцкага РАЎС Аляксандр Еўрашчэнка, 27 траўня яны затрымалі ў сваім горадзе аднаго такога “валютчыка”. Чалавек падчас кантрольнай закупкі прадаў следчаму 100 долараў.


Аляксандр Еўрашчэнка: “27 траўня падчас кантрольнай закупкі адна фізічная асоба прадала 100 долараў ЗША за 650 тысяч рублёў. Яму дадуць штраф па мінімуме — ад 50 да 300 базавых велічынь. З канфіскацыяй прадмета гэтай здзелкі — забяруць 100 долараў, бо канфіскацыя прадугледжаная”.


Паводле міліцыянта, такое “лёгкае” пакаранне магчыма толькі дзякуючы невялікай суме здзелкі і адсутнасці фактаў “рэцыдыву”. Калі б было інакш — чалавек пайшоў бы ў суд па артыкуле “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”, які ў дадатак прадугледжвае канфіскацыю маёмасці.


Днямі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пракаментаваў факт з’яўлення валютчыкаў і даў адказ на папрокі ў тым, што дзяржава вымусіла людзей звяртацца да іх, а цяпер за гэта карае. Ён заявіў, што нашая судовая сістэма “вельмі выбарачна падыходзіць да крымінальных спраў, якія распачатыя па фактах незаконнага абмена валют”.


Але ці азначае гэта, што ў выключных выпадках суд можа пакараць валютчыка папярэджаннем, без канфіскацыі валюты? Як патлумачыла суддзя Івацэвіцкага міжрайсуда Святлана Яромчык, на гэта спадзявацца не даводзіцца.


Святлана Яромчык: “Проста ў законе напісана: “З канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння”. Таму, іншы варыянт немагчымы. Што тычыцца штрафу, то памеры яго можна вызначыць. А што тычыцца “прадмета”, то — без варыянтаў”.


Праўда, кажа Аляксандр Еўрашчэнка, міліцыянеры і самі не вельмі імкнуцца “падводзіць” людзей за продаж-набыццё валюты з рук пад сур'ёзны артыкул "Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць". Таго ж чалавека са 100 доларамі ён нават валютчыкам называць не хоча.


Аляксандр Еўрашчэнка: “Назваць яго валютчыкам — гэта тэрмін не зусім правільны. Апошні раз яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці толькі ў 2007 годзе. Яго трэба было б “ахрысціць” валютчыкам, але ў такім выпадку мы распішамся ва ўласным бяссіллі, альбо ў “крышаванні”, альбо яшчэ ў чым. Я бы не хацеў называць яго валютчыкам”.


А вось Дзяржкантроль займаецца выяўленнем менавіта валютчыкаў — тых, хто мае прыбытак з валютных аперацый. Пры тым гаворка ідзе пра сумы, большыя за 8 мільёнаў рублёў, кажа начальнік аддзела фінансавых расследаванняў КДК Гродзенскай вобласці Андрэй Лагуноў.


Андрэй Лагуноў: “Мы грамадзянамі ўвогуле не займаемся, якія, можа быць, паміж сабой нешта і мяняюць. У выпадку, калі памер прыбытку ад незаконных валютных аперацый у 1 тысячу і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, то валютчык нясе крымінальную адказнасць”.


Але гэта  калі ўдаецца даказаць рэгулярнасць такіх аперацый. У іншых сітуацыях складаюць адміністрацыйны пратакол. І гэтым абмяжоўваецца “выбарачны падыход да крымінальных спраў”, пра які казаў старшыня Вярхоўнага суда.


Андрэй Лагуноў: “Калі адна толькі здзелка — мы не даказалі, што гэта сістэматычная дзейнасць — то мы складаем адміністрацыйны пратакол. Ці вы прадалі дарагі аўтамабіль: ён, можа, і 80 мільёнаў каштуе. Пайшлі, памянялі. Але ж гэта не вашая дзейнасць — мы павінны даказаць сістэму. Што два, тры, пяць і больш разоў чалавек займаўся гэтай дзейнасцю. І атрымлівае з гэтага прыбытак. А калі вы прадалі машыну адзін раз і ў мінус сабе па сённяшнім курсе долара памянялі, то які ж у вас прыбытак?”


Кіраўнік прэс-службы УУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі нагадаў, што як бы добра супрацоўнікі міліцыі ні разумелі сітуацыю на валютным рынку і людзей, якім валюта патрэбная, караць будуць усіх за набыццё ці продаж долараў з рук.караць будуць усіх за набыццё ці продаж долараў з рук