Студэнтка:“Аплату паднялі ў 2,5 разы, таму сышла ў акадэмічны”

110818 Marcin_VNU.mp3

“Я скончыла трэці курс. Аплату паднялі больш чым у 2, 5 разы. Было 3, 5 міліёнаў на год, а стала 8”, - скардзіцца студэнтка Мінскага інстытута кіравання Вераніка.

Цяпер яна сышла ў акадэмічны адпачынак, бо не можа плаціць столькі за адукацыю.

Вераніка вучылася на спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ”. У сваёй групе яна такая не адна з тых, хто не ў стане плаціць за навучанне.

“У маёй групе дзве дзяўчыны перавяліся на завочнае. Калі я падавала заяву на акадэмічны, яшчэ восем чалавек падалі такія ж заявы”.


Кіраўніцтва гэтага ВНУ, відаць, не ведае пра сыход сваіх студэнтаў, бо Еўрарадыё паведамілі, што вялікага зыходу студэнтаў у іх няма, і мала хто пераводзіцца. А студэнтка Вераніка цяпер актыўна шукае працу, каб вярнуцца з акадэмічнага адпачынку і давучыцца.

“Ці забіраюць дакументы студэнты дзяржаўных ВНУ праз высокую плату?” - пытаемся супрацоўніка ў ВДУ імя Машэрава.

“Кожны год такое здараецца. Калі чалавек пачынае ацэньваць і … пачынаецца невялікі адток. Кожны тыдзень пару чалавек забіраюць дакументы. Калі браць дзённае і завочнае чалавек 10-15 забралі дакументы”.

У параўнанні з мінулым годам, гэтая лічба не ўзрасла. А кіраўніцтва ўніверсітэта зважае, што не ўсе студэнты забіраюць дакументы з-за фінансавых складанасцяў. Дзяўчаты, напрыклад, сыходзяць з-за вяселля.

У БНТУ забраўшых дакументы студэнтаў толькі двое, супакойваюць у рэктараце.

“Па памяці былі два такія чалавекі, на ўзроўні 4 тысяч прыёму – гэта нуль. Пры гэтым яны паехалі вучыцца ў Расію”.

Вялікага недабору на платнае таксама няма. Па ўніверсітэце недабралі ўсяго некалькі чалавек, што супадае з узроўнем мінулага году.

Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна сёлета недабраў больш за 150 чалавек на платную форму!

“160 чалавек на дзённую форму і 47 чалавек на завочнае недабралі на платную форму”, - гавораць у ВНУ.

У асноўным, гэта спецыяльнасці звязаныя з фізікай і матэматыкай, таксама “біялогія”, “руская мова і ангельская мова”, “беларуская мова”, “гісторыя і рэлігіязнаўства. Колькасць недабраных студэнтаў у гэтым годзе большая, чым у мінулым прыблізна на 10%. Але выпускнікоў школ у брэсцкай вобласці сёлета на 2 тысячы менш, чым летась. Таму ва ўніверсітэце звязваюць гэта з дэмаграфічнай сітуацыяй.

А тых, хто забраў дакументы праз фінансавыя цяжкасці пакуль толькі пару чалавек.

У Медыцынскім універсітэце ўсе платныя месцы запоўненыя. Няма і тых, хто б забіраў дакументы, упэўніваюць у рэктараце.

Радыётэхнічны ўніверсітэт мае сёлета невялікі недабор па Радыётэхнічных і канструктарска-тэхналагічных спецыяльнасцях.

“У параўнанні з мінулым годам, мы набралі больш студэнтаў на 15-20%. Таму недабор вельмі мізэрны”.


Нагадаем, летам аплата за навучанне ў беларускіх дзяржаўных ВНУ вырасла на 14-22%. Самай дарагой спецыяльнасцю стала “Стаматалогія” у медыцынскім. Цяпер там плацяць 7 мільёнаў 980 тысяч за год.

Фота: megacampus.ru