Стэфан Эрыксан не будзе прадстаўляць Швецыю ў Беларусі

Пра вяртанне шведскай амбасады стала вядома з паведамлення ў твітары міністра замежных спраў Швецыі Карла Більт.

З дыпламатычных крыніц Швецыі Еўрарадыё стала вядома, што гэтаму кароткаму допісу можна давяраць. “У твітара Більта звыш 200 тысяч чытачоў. Няўжо вы думаеце, што ён з імі будзе жартаваць на такія тэмы?” — цікавіцца ў адказ суразмоўца Еўрарадыё ў Стакгольме.

Тым не менш, гаворка ідзе не пра поўнае аднаўленне працы шведскай амбасады. Узамен амбасадара ў Беларусь прыязджае Часовы павераны ў справах Швецыі ў Беларусі. Накшталт таго, што зараз мае ў Мінску амбасада ЗША. Да таго ж, тлумачаць Еўрарадыё ў “шведскіх дыпламатычных крыніцах”, гаворкі пра вяртанне ў Беларусь Стэфана Эрыксана не ідзе.

Нагадаем, 1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. Шведская амбасада ў Мінску была закрытая паводле патрабавання Аляксандра Лукашэнкі, гэтаксама як і беларуская ў Стакгольме, пасля скандалу з "цацачным дэсантам".

Фота — svaboda.org