Справа Станеўскага наконт "хуліганства" накіраваная на даследаванне

Нагадаем, Павел Станеўскі, як і ўжо асуджаныя сёння Вольга Карач (700 тысяч рублёў штрафу) і Алег Баршчэўскі (10 сутак арышту), быў затрыманы ўчора ў Мінску і абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Ноч затрыманыя правялі ў ізалятары на Акрэсціна.

Суддзя Вольга Комар падчас разгляду справы Станеўскага трапіла ў складаную сітуацыю, бо міліцыянеры, якія ажыццяўлялі затрыманне актывістаў, блыталіся ў сведчаннях. Ёй давялося ўдакладняць, напрыклад, калі падсудны здзейсніў "хуліганства". Сведка-міліцыянт сцвярджаў, што Станеўскі нецэнзурна выказваўся "50 секунд" (!) да затрымання, а ў дакументах, што прыйшлі ў суд, было пазначана, што — пасля. Былі і іншыя супярэчнасці ў паказаннях сведак, а таксама ў міліцэйскіх пратаколах, што гэтым разам не дазволіла вынесці абвінавачвальны прысуд.

У выніку суддзя вырашыла накіраваць справу на дадатковае расследаванне ў міліцыю.

Адвакат Вольга Безбародка падчас суда сцвярджала, што не было самога факту правапарушэння, а значыць, судзіць актывіста няма за што.