Спекулянт квіткамі: Пысу разаб’ю. Я плачу ўсім, а яны кліентуру адбіваюць

110926 Martin Kvitki.mp3

“Па 700 тысяч. 29 сектар 19 шэраг”, — гаворыць голас на тым канцы тэлефона. Прадаецца толькі адзін квіток на гульню БАТЭ—"Барселона", можна набыць і за долары, па курсе 7 тысяч рублёў.

Нагадаем, квіткоў на "Барселону" ў касах няма з 24 верасня. Вось і другая прапанова, якую знаходжу праз інтэрнэт.

Прадавец квіткоў: "Ёсць адзін камплект, 1 катэгорыі. Гульні з "Барселонай", "Міланам" і "Вікторыяй". Каштуе мільён".

Еўрарадыё: "А скінуць крыху? Нешта дорага…"

Прадавец: "Гэта не дорага. Гэта плюс 300 тысяч да пачатковага кошту".


Праўда, камплект такі ў яго толькі адзін. Не спекулянт.

Каб набыць квіткі на цэлую кампанію, накіроўваюся да касаў стадыёну “Дынама”. Там два чалавекі: мужчыны сярэдняга веку.

Адзін падыходзіць да мяне, паказвае на тэлефоне СМС:  “Ці прадаеце квіткі?”. “Нямы” прымае мяне за прадаўца.

Праз пару хвілінаў падыходзіць іншы.

— Вы ведаеце, тут камерсанты квіткі прадаюць? Я ў хлопца ў ламбардзе пытаў, ён кажа, прадавалі ўчора па 45 долараў.


Праз гадзіну чакання з’яўляецца малады хлопец. Першымі да яго падыходзяць два мараканцы і пытаюць пра квіткі па-ангельску. Хлопец не разумее, раіць ім пачакаць. Наступным падыходжу я.

Еўрарадыё: "Пачым квіткі?"


Прадавец: "60 долараў, 24 сектар".


Еўрарадыё: "Учора, здаецца, па 45 прадавалі".


Прадавец: "Дзе!? Я ім пысу разаб’ю. Я тут плачу ўсім, а яны нікому не плацяць і кліентуру ў мяне адбіваюць".

У хлопца можна было набыць нават 10 квіткоў! На кожным з іх ён зарабляе 368 тысяч. Калі квіткоў 10 — гэта будзе ўжо больш за 3,5 мільёны.

У сталічнай падатковай Еўрарадыё гавораць, што спекулянтаў Лігі чэмпіёнаў ужо ловяць.

“Гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Штраф да 100 базавых велічыняў і канфіскацыя прадметаў адміністратыўнага парушэння”, — гавораць у мінскай падатковай.

Квіткі адбяруць, няўдалы прадавец заплаціць максімум — 3,5 мільёны. Што можна лёгка зарабіць на продажы 10 квіткоў. Але калі чалавек перапрадаў квіток за тую ж суму, што і набыў у касе, то ніякай адказнасці ён не нясе, прызнаюць у падатковай інспекцыі.