Сотні абітурыентаў у апошні момант мяняюць прафесію

“На сёння на дзённую бюджэтную форму дакументы падаў 4051 абітурыент. Агульны конкурс па універсітэце — 1,93 чалавека на месца. У мінулым годзе ён быў 1,8”, — распавядае пра вынікі ўступнай кампаніі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.


З абітурыентаў універсітэта 1060 чалавек набралі 300 балаў і вышэй. Гэта чвэрць ад усіх паступаючых. Медалістаў і выдатнікаў — 596 чалавек.


Цікава, што сярод абітурыентаў БДУ з кожным годам робіцца ўсё больш выпускнікоў з правінцыі. Працягвае Вячаслаў Малафееў:


“Колькасць мінчукоў чарговы раз знізілася. 39 % мінчукоў супраць 61 % іншагародніх студэнтаў”.


Гэта значыць, што ўзрастае нагрузка на інтэрнаты ўніверсітэта. Ужо сёння сайт БДУ абяцае забяспечыць жытлом толькі 66% студэнтаў.


Самая папулярная спецыяльнасць гэтага году ў БДУ — дызайн, напрамак — “Камунікатыўны дызайн”. За адно месца тут будуць змагацца 14 чалавек. Самы нізкі конкурс — на Ваенным факультэце, аддзяленне “Псіхалогія” — туды на бюджэтныя месцы трапяць усе жадаючыя.


Ужо можна гаварыць і пра прыкладныя прахадныя балы, заўважае Вячаслаў Малафееў. Тут у лідарах Факультэт міжнародных адносінаў, аддзяленне “Міжнароднае права” — прахадны бал 369. Для параўнання: на Фізічным факультэце прахадны бал — у раёне 170.


Татальнага перакідвання дакументаў ва універсітэце не было. У апошні дзень спецыяльнасць змянілі каля 100 абітурыентаў.
А вось у БДУІР дакументы перакідвалі масава. У апошні дзень нават утварылася чарга з абітурыентаў.


“Перакідвалі, даволі шмат. Асабліва ў апошні дзень. Утварылася нават чарга з асобаў, якія забіралі дакументы і перападавалі, да нас жа. Традыцыйна — пасля 15:00, калі вывешваюцца апошнія статыстычныя дадзеныя. Некалькі сотняў чалавек перападалі дакументы”, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Васіль Бандарык.


Самым папулярным у БДУІРы выйшаў Факультэт кампутарных сістэмаў і сетак, працягвае ён:


“Спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогія праграмавання”. Туды падавалі дакументы з максімальнымі баламі. Гэта першы набор і самы высокі конкурс. Папярэдні прахадны бал — больш за 340. Ніжэй прахадны бал на інжынерна-канструктарскія спецыяльнасці. У сярэднім будзе больш за 200”.


Гэта вышэй за 2010 год. Тады прахадны бал на гэтых спецыяльнасцях быў каля 180. Агулам на бюджэтную форму падалі дакументы 1704 абітурыенты. А бюджэтных месцаў ва ўніверсітэце толькі 1040.


Адказны сакратар зважае, што на ўсіх спецыяльнасцях ёсць конкурс. Але калі на ІТ-спецыяльнасцях абітурыенты набралі ад 300 да 400, дык на спецыяльнасцях тэхналагічнага профілю, якія звязаныя з апаратурай, ад 200 да 250.
У БНТУ самымі папулярнымі, як і летась, засталіся Энергетычны, Будаўнічы і Аўтатрактарны факультэты. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце — каля 2 чалавек на месца.


“Самыя высокія балы, якія падаюцца, — 360, 364. гэта на Энергетычным і Будаўнічым факультэтах. На Аўтатрактарным факультэце”, — даводзіць адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ Аляксандр Малярэвіч.


Ніжэйшыя балы абітурыентаў Інжынерна-педагагічнага факультэта — у раёне 270. А прахадны будзе — каля 150. Высокія балы ў абітурыентаў і на спецыяльнасці “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый”: на ўзроўні 250.


Калі параўнаць з мінулым годам, ва ўсіх трох універсітэтах абітурыентаў стала больш. Напрыклад, у БНТУ прыйшло 7200 выпускнікоў. Гэта на 700 больш за летась. І гэта — на 2600 бюджэтных месцаў.

Фота: bymedia.net